Вокладка кнігі Карда Петрыні "TerraFutura: размовы з Папам пра інтэгральную экалогію" Вокладка кнігі Карда Петрыні "TerraFutura: размовы з Папам пра інтэгральную экалогію" 

TerraFutura: размовы з Папам пра інтэгральную экалогію

8 верасня 2020 г. на паліцах італьянскіх кнігарняў з’явілася кніга “TerraFutura: размовы з Папам пра інтэгральную экалогію”, якая з’яўляецца плёнам гутарак Францішка з журналістам і эколагам Карла Петрыні.

У кнізе Пантыфік падрабязна распавёў пра напісанне энцыклікі “Laudato si’”, якая пабачыла свет у 2015 г. і зрабіла вялікі ўплыў на экалагічныя і грамадскія дыскусіі. Папа заўважыў, што энцыкліка – плён працы многіх людзей, сярод якіх навукоўцы, тэолагі і філосафы. Яны дасылалі Святому Айцу матэрыялы, а ён працаваў над “канчатковым упарадкаваннем тэксту”.

Пантыфік зразумеў існаванне патрэбы ў такім дакуменце яшчэ ў 2014 г., калі наведваў Еўрапейскі парламент у Страсбургу. На пачатковай стадыі падрыхтоўкі энцыклікі ён падзяліўся думкамі аб яе змесце з тагачасным міністрам экалогіі Францыі Сэгален Руаяль, якая выказала вялікую зацікаўленасць у дакуменце.

“Там я зразумеў, што чаканні растуць і ўсе прагнуць моцнага голасу ў гэтым пытанні. І ўсё прайшло добра: пасля публікацыі дакумента я ўбачыў, што большасць людзей, якіх хвалюе будучыня чалавецтва, прачыталі і ацанілі яго, выкарыстоўвалі яго, каментавалі і цытавалі. Я думаю, што энцыкліка стала агульнапрынятай”, - сказаў Папа.

У ходзе размоваў з Карла Пэтрыні Святы Айцец распавёў таксама пра сваё “экалагічнае навяртанне”. Ён заўважыў, што ўвага да праблем навакольнага асяроддзя ў ім развівалася паступова. У гэтым кантэксце Францішак узгадаў пра сустрэчу епіскапатаў краін Лацінскай Амерыкі ў 2007 г. у Апарэсідзе, у якой ён браў удзел у якасці арцыбіскупа Буэнас-Айрэса і старшыні камісіі, якая рэдагавала выніковы дакумент. Папа падзяліўся, што тады не вельмі разумеў бразільскіх біскупаў, якія пры кожнай нагодзе казалі пра “вялікія праблемы Амазоніі”, іх экалагічныя і сацыяльныя наступствы. На гэты пытаннях настойвалі таксама эквадорскія і калумбійскія іерархі.

“Спачатку я не разумеў гэтых тэмаў. Пазней, калі пачаў вывучаць праблему, да мяне прыйшло ўсведамленне, у мяне знялася заслона. Я думаю правільна даць кожнаму час на роздум. Аднак, у той жа час, нам трэба паспяшацца адносна змены парадыгмы, калі мы хочам мець будучыню”, - дадаў Святы Айцец.

Паводле Францішка, энцыкліка “Laudato si’” можа стаць месцам сустрэчы паміж вернікамі і светам, “таму што яна напісана для ўсіх”. Папа лічыць важным дыялог не для таго, каб “згладжваць адметнасці і канфлікты, але і наадварот, каб уздымаць іх і адначасова пераадольваць дзеля большага дабра”.

Пантыфік зазначыў, што для інтэгральнай экалогіі важную ролю граюць індывідуальныя дзеянні, бо перамены пачынаюцца з кожнага з нас, на побытавым узроўні. “Трэба пераадольваць эгаізм, адмаўляцца ад думкі пра тое, што, маўляў, можна эксплуатаваць Маці-Зямлю, бо яна вялікая і павінна даць мне ўсё, што я хачу. Гэта абсалютна хворая ідэя, якая не можа не прывесці нас да краху”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік чарговы раз заўважыў, што “Laudato si’”, гэта ў першую чаргу “сацыяльная энцыкліка”, а не “зялёная” і “экалагічная”. Паколькі мы, людзі, “першымі з’яўляемся часткай экалогіі”, нельга раздзяліць чалавека і навакольнае асяроддзе, - лічыць ён.

Францішак падкрэсліў, што біяразнастайнасць – гэта спадчына, якая дазваляе нам жыць на планеце, але “наша вытворчая і эканамічная мадэль” знішчае яе. Ён заўважыў таксама, што Амазонія – гэта скарбонка біяразнастайнасці.

Святы Айцец лічыць важным захаванне культуры і духоўнасці карэнных народаў Амазоніі і інкультурацыі Евангелля ў гэтым рэгіёне. “Мы ўсе можам маліцца аднолькава, але гэта знішчае біяразнастайнасць чалавецтва, перш за ўсё культурную. Так быць не павінна. Няхай кожны моліцца і цэлебруе сакрамэнты згодна з уласнай культурай”, - сказаў Папа. Ён звярнуў увагу на існаванне ў Касцёле розных абрадаў, якія ўзніклі менавіта ў кантэксце розных культур.

Суразмоўца Францішка і аўтар кнігі “TerraFutura: размовы з Папам пра інтэгральную экалогію”, Карла Петрыні, з’яўляецца вядомым італьянскім пісьменнікам і экалагічным актывістам. Ён стаіць ля вытокаў антыспажывецкай “культуры павольнага руху жыцця”, якая прапагандуе здаровае харчаванне, захаванне мясцовай гастранамічнай культуры і развіццё лакальных сельскагаспадарчых экасістэм.
 

10 верасня 2020, 12:15