Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: сузіранне і спачуванне – складальныя інтэгральнай экалогіі

Пандэмія даказала, што здароўе чалавека нельга аддзяліць ад здароўя навакольнага асяроддзя, а змены клімату выклікаюць галечу і голад, - заўважыў Папа.

12 верасня 2020 г. Францішак сустрэўся ў Ватыкане з Супольнасцю Laudato Si' – свабодным аб’яднаннем грамадзян без абмежаванняў па рэлігійным, палітычным, нацыянальным ці сацыяльным фактары, якія пашыраюць інтэгральную экалогію.

Папа заўважыў, што агульных абавязацельстваў па захаванні прыроды недастаткова, трэба глядзець у далёкай перспектыве, сёння працаваць на заўтрашні дзень усіх. Ён назваў ключавыя словы інтэгральнай экалогіі: сузіранне і спачуванне.

Разважаючы над першым, Францішак заўважыў, што “сёння прыродай ужо не захапляюцца, а “пажыраюць”. Чалавецтва цікавіць прыбытак любой цаной, позірк на рэальнасць стаў хуткім, рассеяным і павярхоўным, людзей хвалюе апошняя мабільная прылада, а не імёны суседзяў.

“Каб не забыцца пра свае карані, мы павінны вярнуцца да сузірання; каб не адцягваць увагу на тысячу непатрэбных рэчаў, трэба зноў знайсці цішыню; каб сэрца не хварэла, трэба спыніцца. Гэта няпроста. Варта, напрыклад, вызваліцца ад зняволення мабільнага тэлефона, паглядзець у вочы тых, хто навокал, і стварэнню, якое нам было дадзена”

, - рэкамендаваў Пантыфік.

Сузіранне – гэта проціяддзе для паспешлівага, павярхоўнага і бяздумнага выбару. Яно дапаможа, каб у душу вярнулася гармонія, здаровы баланс паміж галавой, сэрцам і рукамі; паміж думкай, пачуццём і дзеяннем.

Плёнам сузірання з’яўляецца спачуванне, нагадаў Папа. Яно прысутнічае, калі чалавек у адносінах да іншых выходзіць за рамкі апраўданняў і тэорый, бачыць у іх братоў і сясцёр, якіх трэба шанаваць.

Спачуванне – гэта наследаванне Бога, Які, нягледзячы на ўсё зло, пра якое мы думаем і робім, заўсёды бачыць нас любімымі дзецьмі. Ён бачыць не ананімных індывідаў, а дзяцей, бачыць братоў і сясцёр адной сям’і, якія жывуць у агульным доме. Мы ніколі не чужыя для Яго. Яго спачуванне – супрацьлегласць нашай абыякавасці

, - заўважыў Францішак.

Спачуванне ён назваў “лепшай вакцынай супраць эпідэміі абыякавасці”; і гэта не проста “добрае пачуццё”, але патэнцыял стварэння “новай сувязі з бліжнім”.

“Свет мае патрэбу ў гэтай творчай і актыўнай любові, у людзях, якія не каментуюць перад экранам, але пэцкаюць рукі, каб прыбраць дэградацыю і вярнуць годнасць. Спачуванне – гэта выбар: выбар не мець ворага і ў кожным бачыць бліжняга”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Прычым, гэта не азначае мяккасці і адмовы ад змагання. Тыя, хто ўмее спачуваць, уступаюць у цяжкую штодзённую барацьбу за годнасць самых пакрыўджаных і слабых.

Францішак звярнуў увагу і на праблему марнатраўства ў свеце: ФАО зафіксавала, што ў прамыслова развітых краінах за адзін год выкідваецца больш за мільярд тон харчовых прадуктаў!

Для вырашэння сітуацыі, лічыць Францішак, патрэбен палітычны выбар, які спалучае прагрэс і раўнапраўе, развіццё і ўстойлівасць для ўсіх: каб ніхто не быў пазбаўлены зямлі, добрага паветра, вады і ежы.

Святы Айцец пажадаў Супольнасці Laudato Si' выхоўваць у сваіх членах сузіранне і спачуванне, неабходныя складальнікі інтэгральнай экалогіі.
 

12 верасня 2020, 14:03