Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: чалавечны падыход да пацыента – неад’емная частка лячэння

11 верасня 2020 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў штогадовага кангрэсу Міжнароднага таварыства гінекалагічнай анкалогіі (International Gynecologic Cancer Society).

Святы Айцец звярнуў увагу на каштоўнасць укладу асацыяцыі ў стварэнне салідарных адносін паміж хворымі, а таксама іх блізкімі і медыцынскімі работнікамі. Паводле Папы, гэта набывае яшчэ большую каштоўнасць, калі гаворка ідзе пра хваробы, што могуць паставіць пад пагрозу плоднасць жанчыны ці мацярынства.

“У такіх сітуацыях, якія глыбока ўплываюць на жыццё жанчыны, важна з вялікай чуллівасцю і пашанай дбаць пра псіхалагічны і духоўны стан кожнай пацыенткі, яе адносіны з людзьмі”, - сцвердзіў Францішак.

Папа заклікаў медыцынскіх работнікаў да цэласнага падыходу да лячэння, нават калі гаворка ідзе пра паліятыўную дапамогу. У цэнтры такога падыходу павінна знаходзіцца здольнасць несці пацыенткам давер, надзею і любоў. Хворы чалавек – гэта заўсёды нашмат больш чым яго клінічны пратакол, - дадаў Святы Айцец.

Усе пагаджаюцца, што, з аднаго боку, узаемаадносіны з медыцынскім персаналам з’яўляюцца часткай лячэння, але з іншага, чалавечнае вымярэнне дапамогі хворым не разглядаецца як неад’емная частка лячэння і часта залежыць выключна ад добрай волі кожнага ўрача, - звярнуў увагу Пантыфік.

Францішак заклікаў не дапусціць негатыўнага ўплыву эканомікі на сферу адносін да хворых. У гэтым кантэксце ён падкрэсліў важнасць дзейнасці розных грамадскіх аб’яднанняў, якія падтрымліваюць пацыентаў, асабліва тых, што знаходзяцца ў цяжкай эканамічнай ці сацыяльнай сітуацыі.

“Звычайна даследаванні патрабуюць значных эканамічных рэсурсаў. Але я лічу, што паміж рознымі фактарамі можна знайсці раўнавагу”, - сказаў Папа. Ён падкрэсліў, што прыярытэт трэба даваць людзям, у дадзеным выпадку – хворым жанчынам, а таксама работнікам, якія штодзённа знаходзяцца ў кантакце з імі і якім неабходна забяспечыць належныя ўмовы для працы і адпачынку.

Святы Айцец заклікаў удзельнікаў штогадовай сустрэчы Міжнароднага таварыства гінекалагічнай анкалогіі пашыраць каштоўныя вынікі сваіх даследаванняў на карысць жанчын, якімі яны апякуюцца.

Папа лічыць, што нягледзячы на свае цяжкасці, гэтыя жанчыны “нагадваюць нам пра тыя аспекты жыцця, пра якія мы часам забываем, такія як хісткасць нашага існавання, патрэбна адно ў адным, бессэнсоўнасць эгаістычнага жыцця, рэальнасць смерці як частка самаго жыцця”.

На завяршэнне свайго звароту Францішак падкрэсліў, што хвароба нагадвае пра выключную рысу, якая робіць нас людзьмі – здольнасць давяраць: “давяраць іншаму брату і сястры, а таксама Іншаму з вялікай літары, які з’яўляецца нашым Нябесным Айцом”.
 

11 верасня 2020, 14:16