Вокладка кнігі "Уступіць у гульню" Вокладка кнігі "Уступіць у гульню" 

“Уступіць у гульню”. Думкі Папы пра спорт

У Ватыканскім выдавецтве пабачыў свет зборнік прамоў Святога Айца на тэму спорту пад назвай: “Уступіць у гульню”. Свае сведчанні ў якасці прадмовы да кнігі напісалі славутыя спартсмены.

Гаворка ідзе пра своеасаблівы “падручнік”, які дапаможа жыць і займацца спартыўнай дзейнасцю згодна з парадамі “выключнага трэнера” – папы Францішка. У кнізе, выдадзенай у кішэнным фармаце, утрымліваюцца словы Пантыфіка ў адрас знакамітых чэмпіёнаў, атлетаў з фізічнымі і ментальнымі абмежаваннямі, а таксама дзяцей і моладзі з “экзістэнцыяльных перыферый”.

Словы Святога Айца могуць стаць асновай для трэніроўкі духа, сапраўдным компасам для тых, хто прагне знайсці матывацыю ў сваім захапленні спортам. Гэта пацвярджаюць тры сведчанні, змешчаныя ў прадмове да выдання: футбаліста Франчэска Тоці, лёгкаатлеткі з Кеніі Тэглы Ларупэ і былога пілота Формулы-1, а затым чэмпіёна Паралімпійскіх гульняў Алесандра Дзанардзі, які перадаў свой тэкст незадоўга да аварыі, пасля якой зараз змагаецца за жыццё.

Зборнік быў падрыхтаваны пад патранатам ватыканскай лёгкаатлетычнай зборнай Athletica Vaticana. Ён стаў часткай дабрачыннага праекту Бяжым разам (We run together), у рамках якога збіраюцца ахвяраванні на барацьбу з пандэміяй COVID-19.

Выданне будзе афіцыйна прадстаўлена 7 верасня 2020 г. на стадыёне імя Нанта Мартэліні ў Рыме. У прэзентацыі прымуць удзел: кіраўніцтва Алімпійскага і Паралімпійскага камітэтаў Італіі, Папскай рады па культуры, вядомыя спартсмены і спартыўныя актывісты з розных частак свету.
 

31 жніўня 2020, 11:34