Vatican News
Папа падчас аўдыенцыі для епіскапату Аргентыны. Ілюстрацыйнае фота Папа падчас аўдыенцыі для епіскапату Аргентыны. Ілюстрацыйнае фота 

Папа заклікаў біскупаў Аргентыны да барацьбы з гандлем людзьмі

У пасланні да Камісіі “Справядлівасць і мір” Канферэнцыі Біскупаў Аргентыны Францішак заклікаў да намаганняў поўнасцю ліквідаваць гандаль людзьмі і дапамагаць ахвярам такога роду злачынстваў.

“Катастрофа, якая шкодзіць годнасці самых слабых братоў і сясцёр”, – так называецца заганны феномен сучаснасці ў тэксце, падпісаным Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці, кардыналам Пьетра Паралінам.

З нагоды Сусветнага дня барацьбы з гандлем людзьмі, які адзначаўся 30 ліпеня, Камісія “Справядлівасць і мір” арганізавала анлайн-семінар “Разам супраць гандлю людзьмі”, у якім прынялі ўдзел больш за 600 чалавек, у тым ліку супрацоўнікі судовай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх устаноў, а таксама Касцёла.

“Сучасная эпоха адзначана ўтылітарнай перспектывай, якая глядзіць на іншага чалавека паводле крытэрыяў карысталюбства і асабістай выгады, закрываючы тым самым шлях да ўспрымання чалавечай годнасці кожнага ў адпаведнасці з яго ўнікальнасцю і непаўторнасцю”, - гаворыцца ў тэксце, скіраваным ад імя Пантыфіка.

У кантэксце гэтай драматычнай сітуацыі камерцыялізацыі, адной з праяў якой з’яўляецца гандаль людзьмі, Святы Айцец заклікаў аргентынскіх біскупаў да намаганняў па выкараненні гэтага феномена, дапамозе пацярпелым і стварэнні шляху да агульнага дабра і поўнай рэалізацыі чалавечага жыцця.
 

01 жніўня 2020, 13:44