Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа прыняў на аўдыенцыі Апостальскага прэфекта ў Манголіі

Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане італьянскага біскупа Джорджыа Марэнга, якога ў красавіку 2020 г. прызначыў Апостальскім прэфектам Улан-Батара.

У інтэрв’ю Vatican News іерарх падзяліўся ўражанням ад сустрэчы са Святым Айцом, якая адбылася ў Ватыкане 13 жніўня 2020 г., у першай палове дня, і прызнаўся, што чакае вяртання ва Улан-Батар, каб пераказаць мясцовай каталіцкай супольнасці благаслаўленне Пантыфіка.

Па словах іерарха, які служыць у Манголіі ўжо 17 гадоў, а 8 жніўня 2020 г. атрымаў біскупскую сакру, асабістая сустрэча з Папам стала “здзяйсненнем яго мары”, падбадзёрыла і дадала мужнасці для далейшага выканання сваёй місіі.

Біскуп Марэнга прызнаўся, што галоўную задачу душпастырскага служэння ў Манголіі бачыць у тым, каб даваць мясцовым вернікам, якія ўтвараюць абсалютную рэлігійную меншасць у краіне, адчуць блізкасць свайго пастыра: наведваць сем’і, размаўляць з людзьмі, знаёміцца з гісторыямі іх жыцця. Акрамя таго, трэба будаваць і падтрымліваць станоўчыя адносіны мясцовага Касцёла з грамадзянскімі ўладамі, развіваць супрацоўніцтва і ўзаемную дапамогу.

Біскуп Марэнга з мясцовым будысцкім лідарам
Біскуп Марэнга з мясцовым будысцкім лідарам

“Патрэбна таксама асаблівая ўвага да міжрэлігійнага дыялогу, улічваючы, што Манголія – гэта краіна, якая мае арыенціры найперш у будызме, у шаманізме. А значыць, трэба працягваць будаваць мост братэрскіх стасункаў з асобамі іншага веравызнання”, - сказаў іерарх.

Апостальскі прэфект Улан-Батара падкрэсліў, што мангольскі народ мае патрэбу ў паглыбленні веры, таму ён бачыць сваёй задачай спрыяць аўтэнтычнасці шляху веры, па якім, як душпастыр, вядзе вернікаў краіны, вучыць сапраўднай малітве, каб гэты народ “мог ісці па дарозе свайго жыцця проста і спакойна”.
 

13 жніўня 2020, 13:49