Vatican News
Статуя Хрыста ў Рыа-дэ-Жанейра. Ілюстрацыйнае фота Статуя Хрыста ў Рыа-дэ-Жанейра. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак: засяроджаны позірк на Езусе вучыць жыць служэннем

Каб быць дарам для іншых і служыць з радасцю, трэба “засяродзіць позірк на Езусе”: Папа напісаў ліст да законнікаў і законніц Бразіліі, якія з 16 жніўня 2020 г. перажываюць Тыдзень кансэкраванага жыцця.

Кансэкраванае жыццё – гэта пытанне светапогляду. Жывучы сярод людзей, законнік або законніца могуць выконваць сваю місію, маючы позірк Бога або свету. Каб заставацца на верным шляху, трэба “аддаваць перавагу малітве”, - напісаў Францішак у сваім пасланні.

Ён заклікаў членаў Кангрэгацый, якія працуюць у Бразіліі, да аўтэнтычнасці жыцця, нагадаўшы, “што шлях паклікання бярэ свой пачатак ва ўсведамленні таго, што нас любіць Бог”, што пакліканне да Божай службы – гэта пакліканне да радасці і што яно “ўвасабляецца толькі ў дарэнні сябе іншым”.

“Перад выклікамі сучаснага грамадства, якое перажывае эпахальныя перамены, мы павінны быць уважлівымі, каб пазбегнуць спакусы мірскога светабачання, якое перашкаджае ўспрымаць Божую ласку як галоўную дзеючую асобу жыцця і схіляе да пошуку нейкага сурагату”

, - заўважыў Святы Айцец.

Па яго словах, найлепшым сродкам супраць такой спакусы з’яўляецца наданне прыярытэту малітве і ўпэўненасць у тым, што “засяроджаны позірк на Езусе вучыць жыць дзеля служэння”.

Таму, працягнуў Пантыфік, не застаецца нічога іншага, як задавацца пытаннем, якое ўжо было сфармулявана ў Апостальскім лісце да кансэкраваных асоб у 2014 г.: “Ці сапраўды Езус – першая і адзіная любоў, як мы сцвердзілі, калі складалі вечныя шлюбы?”.

“Толькі калі гэта будзе так, мы станем здольнымі, згодна з нашым абавязкам, любіць кожнага чалавека, якога сустрэнем на нашым шляху, па-сапраўднаму і міласэрна, таму што навучымся ад Яго таму, што такое любоў і як трэба любіць: мы навучымся любіць, таму што будзем мець Яго сэрца”, - напісаў Францішак.
 

17 жніўня 2020, 14:53