Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа падтрымаў рэзалюцыю ААН аб спыненні агню на фоне пандэміі

Папа выказаў падтрымку рашэнню Рады Бяспекі ААН аб прыпыненні ваенных канфліктаў для эфектыўнага аказання гуманітарнай дапамогі людзям, пацярпелым ад пандэміі каронавіруса.

Францішак скіраваў свой заклік падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 5 ліпеня 2020 г. прайшла ў Ватыкане. Ён нагадаў, што на гэтым тыдні Рада Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прыняла рэзалюцыю, якая прадугледжвае некаторыя меры для барацьбы з разбуральнымі наступствамі віруса COVID-19, асабліва на тэрыторыях, дзе адбываюцца канфлікты.

“Вартай пахвалы з’яўляецца просьба аб глабальным і неадкладным спыненні агню, якое дало б магчымасць для міру і бяспекі, неад’емных для аказання гуманітарнай дапамогі, тэрмінова неабходнай. Заклікаю да эфектыўнага і своечасовага ажыццяўлення гэтага рашэння дзеля дабра людзей, што пакутуюць. Няхай гэта рэзалюцыя Рады Бяспекі стане першым мужным крокам для мірнай будучыні”, - пажадаў Святы Айцец.
 

05 ліпеня 2020, 12:27