Кардынал Грахалеўскі Кардынал Грахалеўскі 

Пантыфік моліцца за памерлага кардынала Грахалеўскага

Францішак выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю кардынала Зянона Грахалеўскага. Іерарх адышоў у вечнасць 17 ліпеня 2020 г. у 80-гадовым узросце.

У спачувальнай тэлеграме, скіраванай на імя брата спачылага кардынала, Святы Айцец з удзячнасцю ўзгадаў яго пачэсную працу ў рымскіх універсітэтах, а таксама як аўтара шматлікіх навуковых публікацый.

Падчас шчодрага служэння на высокіх пасадах у Апостальскай Сталіцы, кардынал Грахалеўскі “даў сведчанне святарскай руплівасці, вернасці Евангеллю і прыкладу для Касцёла”, - напісаў Папа. Ён запэўніў у малітве аб вечным адпачынку для іерарха, каб Пан адарыў яго “вечнай узнагародай, абяцанай Яго вучням”.

Пахавальнае набажэнства адбудзецца 18 ліпеня 2020 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра. Яго ўзначаліць кардынал Леанарда Сандры. Папа здзейсніць абрад апошняга развітання з памерлым іерархам.

Зянон Грахалеўскі нарадзіўся 11 кастрычніка 1939 г. у Брудках у Польшчы, на тэрыторыі Познаньскай архідыяцэзіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1963 г. Пасля абароны дысертацыі па кананічным праве ў Папскім грыгарыянскім універсітэце пачаў служэнне ў Вышэйшым Трыбунале Апостальскай Сігнатуры, потым стаў яго прэфектам. У 1982 г. увайшоў у камісію, якая разам са Святым Айцом вывучала праект новага Кодэкса кананічнага права. У 1983 г. атрымаў біскупскую сакру. У 1991 г. стаў арцыбіскупам.

З 1998 г. па 1999 г. займаў пасаду старшыні Касацыйнага суда Дзяржавы Ватыкан. 15 лістапада 1999 г. св. Ян Павел ІІ прызначыў яго прэфектам Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. Зянон Грахалеўскі быў таксама Галоўным канцлерам Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта, Папскага біблійнага інстытута, Папскага інстытута сакральнай музыкі, Папскага інстытута арабскіх і ісламскіх даследаванняў і Папскага інстытута хрысціянскай археалогіі.

Падчас кансісторыя 2001 г. Ян Павел ІІ надаў іерарху кардынальскую годнасць. Сышоў на пенсію з пасады прэфекта Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі ў 2015 г.

Пасля смерці кардынала Зянона Грахалеўскага Калегія кардыналаў складаецца ў 221 іерарха, з якіх 122 маюць права голасу на канклаве.

18 ліпеня 2020, 09:03