Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік моліцца за ахвяр трагедыі ў Срэбраніцы

Падчас жалобных урачыстасцей з нагоды 25-годдзя разні ў Срэбраніцы, якія прайшлі 11 ліпеня 2020 г., Апостальскі нунцый у Босніі і Герцагавіне, арцыбіскуп Луіджы Пэцута, пераказаў пасланне Францішка.

Ватыканскі дыпламат запэўніў усіх прысутных на цырымоніі ў духоўнай блізкасці Святога Айца. Ён падкрэсліў, што Пантыфік моліцца за ахвяр генацыду і мае надзею, што ў Босніі і Герцагавіне заўсёды будзе захоўвацца памяць аб гэтай трагедыі.

“Нянавісць, якая прывяла да гэтага кровапраліцця, дагэтуль прысутнічае ў многіх частках свету. Мы верым, што яна будзе пераможана дзякуючы высілкам людзей, якія жадаюць лепшай будучыні, людзей, якія прагнуць мірнага свету для будучых пакаленняў”, - сцвердзіў прадстаўнік Святога Пасаду. Дыпламат падкрэсліў, што шлях да гэтага ляжыць праз дыялог, поўны ўзаемапавагі і разумення.

У памятных урачыстасцях з нагоды 25-годдзя разні ў Срэбраніцы прыняў удзел арцыбіскуп Сараева, кардынал Вінка Пуліч. Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Босніі і Герцагавіны ў размове з журналістамі заўважыў, што сваёй прысутнасцю ён прагне выразіць глыбокую пашану да ахвяр масавага забойства і прычыніцца да аднаўлення даверу паміж усімі жыхарамі краіны.

Разня ў Срэбраніцы – самая вядомая і крывавая падзея грамадзянскай вайны ў Югаславіі. 11 ліпеня 1995 г. у імя “этнічнай чысткі” сербскай арміяй пад камандаваннем Ратка Младзіча тут былі забіты больш за сем тысяч баснійскіх мусульман – мужчын, падлеткаў і хлопчыкаў. Гэта было самае маштабнае масавае забойства ў Еўропе пасля Другой сусветнай вайны. Ян Павел ІІ назваў яго “паразай чалавецтва”.
 

16 ліпеня 2020, 10:57