Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Кардынал: барацьбу з расізмам трэба пачынаць з выхавання ў сям’і

Рух “Black Lives Matter” прасоўвае гендэрную ідэалогію і праграму дзеянняў, накіраваную супраць інстытута сям’і, - падкрэсліў кардынал Вільфрыд Нап’ер.

Паўднёваафрыканскі іерарх з’яўляецца асабістым сведкам несправядлівасці расізму, на працягу многіх гадоў ён змагаўся з расавай сегрэгацыяй і прычыніўся да падзення палітыкі апартэіду.

“Змагацца з расізмам апартэіду значыла змагацца з палітычнай сістэмай, якую можна было ідэнтыфікаваць, шкоднасць якой для чалавека было лёгка прадэманстраваць. Заклікі “Black Lives Matter”, у сваю чаргу, настолькі агульныя, што я не ўпэўнены ці разумею ўвогуле, якім чынам гэты рух намераны перамагчы расізм. Яны павінны былі пачаць скіроўваць пратэст супраць канкрэтных з’яваў, якія можна змяніць. На мой погляд, напрыклад, калі мы жадаем выкараніць расізм, трэба пачынаць з паводзінаў, прынятых у сям’і, а потым пашыраць перамены на ўсё грамадства”, - сказаў кардынал у інтэрв’ю італьянскаму інтэрнэт-парталу “La Nuova Bussola Quotidiana”.

Арцыбіскуп Дурбана заўважыў, што рух “Black Lives Matter” хоча паказаць людзей з рознымі колерамі скуры ворагамі. Але адзіны спосаб змагання з расізмам, на яго думку, заключаецца ў прызнанні таго, што “кожная асоба была створана на вобраз і падабенства Бога”.

Паводле іерарха, місія руха заключаецца не толькі ў выкараненні расізма, але таксама ў барацьбе з традыцыйнымі каштоўнасцямі, якія ляжаць у аснове цывілізацыі і культуры, у першую чаргу з інстытутам сям’і, нібыта навязаным заходняй культурай. У маніфесце прысутнічае прасоўванне гендэрнай ідэалогіі і антысямейнай праграмы дзеянняў. “Гэта, на мой погляд, галоўная слабасць “Black Lives Matter”, - дадаў арцыбіскуп.

Кардынал Нап’ер звярнуў увагу на тое, што рух шырока падтрымліваецца арганізацыямі, якія лабіруюць аборты. “Імкненне скараціць колькасць афрыканцаў – гэта праява расізму. Таксама як аказанне эканамічнай дапамогі тым афрыканскім краінам, якія наўзаем уводзяць законы, што садзейнічаюць аднаполым саюзам ці абортам”, - сказаў паўднёваафрыканскі іерарх.

 

17 ліпеня 2020, 09:27