130620_8.jpg

Ватыканскі кардынал наведаў трушчобы на ўскраіне Рыма

13 чэрвеня 2020 г. кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, здзейсніў візіт у цыганскія трушчобы на ўскраіне італьянскай сталіцы.

Іерарх прыбыў у суправаджэнні валанцёраў дабрачынных арганізацый, медыцынскага персаналу ватыканскай клінікі Bambino Gesu, біскупа Джампьера Пальміеры, адказнага за душпастырства цыган на тэрыторыі Рымскай дыяцэзіі.

У якасці сведчання асаблівай блізкасці Святога Айца да патрабуючых ватыканскі кардынал сустрэўся з жыхарамі трушчобаў, а таксама перадаў ім медыцынскія маскі, пальчаткі, лекі, дэзінфектары, ахвяраваныя Ватыканскай аптэкай, і рэчы першай неабходнасці.

“Як кажа Папа, ніхто не павінен заставацца на ўзбочыне. Мы знаходзімся тут, каб даць сведчанне падтрымкі ўсім тых, хто жыве ў сітуацыі пакут і неабароненасці, пра каго часта забываюць, асабліва ў гэты час надзвычайнай санітарнай, грамадскай і эканамічнай сітуацыі. Будзем памятаць, што цэласнае развіццё чалавека звязана з клопатам пра стварэнне: калі пацерпім паразу ў адным, прайграем і ў іншым”, - падкрэсліў прэфект.

Кардынал Пітэр Тарксан узначальвае спецыяльную ватыканскую Камісію па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каронавіруса, якая дзейнічае ў супрацоўніцтве з усімі структурамі Рымскай курыі і мясцовымі Касцёламі. Яе дзейнасць падтрымалі сусветныя інтэлектуальныя цэнтры, сярод якіх: Джорджтаўнскі і Патсдамскі ўніверсітэты, Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Мілане, міжнародная арганізацыя World Resources Institute.
 

15 чэрвеня 2020, 12:29