1591776530843.jpg

Святы Айцец: змаганне з Богам – метафара малітвы

Гісторыя Якуба і яго змагання з Богам была тэмай чарговай катэхезы Святога Айца з цыкла, прысвечанага малітве. Ён заклікаў вернікаў не спадзявацца на ўласную спрытнасць, а адкрыцца на ласку і міласэрнасць Пана.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 10 чэрвеня 2020 г. прайшла ў фармаце відэатрансляцыі з Прыватнай бібліятэкі Апостальскага палаца Ватыкана, Пантыфік заўважыў, што Кніга Быцця, “праз лёс людзей далёкіх эпох, распавядае гісторыі, у якіх можам убачыць адлюстраванне нашага жыцця”.

Спасылаючыся на гісторыю Якуба, Францішак зазначыў, што сваёй найлепшай якасцю гэты Патрыярх здолеў зрабіць спрытнасць. Менавіта дзякуючы ёй Якуб змог “вырваць” у свайго айца Ісака благаслаўленне і дар першародства (пар. Быц 25,19-34).

Вымушаны ўцякаць ад брата Эзава, Якуб пакінуў родную зямлю, а потым разбагацеў, стаў уласнікам велізарнага статку, дзякуючы настойлівасці і цярплівасці ажаніўся з самай прыгожай з дачок Лабана, у якую быў па-сапраўднаму закаханы.

“Якуб, гаворачы сучаснай мовай, быў чалавекам, “які зрабіў сябе сам”, дзякуючы хітрасці і спрытнасці здолеў здабыць усё, чаго жадаў. Але яму нечага не хапала – адносін з уласнымі каранямі”

, - заўважыў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што пачуўшы “голас свайго дома, сваёй старажытнай Айчыны”, Якуб вырашыў вярнуцца дамой. Ён здзейсніў доўгае падарожжа з вялікім караванам, пакуль не дасягнуў апошняга этапу, ракі Яббок.

“Тут Кніга Быцця прапануе нам незабыўнае апавяданне. Яна кажа, што Патрыярх, пасля таго як перавёў праз раку ўсіх сваіх людзей і жывёл, якіх было вельмі шмат, застаўся адзін на чужынскім беразе. Ён падумаў: што яго чакае заўтра? Як паставіцца да яго Эзаў, у якога ён скраў першародства? У галаве Якуба быў водаварот думак... І калі пачало цямнець, раптоўна на яго напаў Невядомы і пачаў змагацца з ім. Катэхізіс тлумачыць: “Духоўная традыцыя Касцёла бачыла ў гэтым апавяданні сімвал малітвы як барацьбы веры і перамогі стойкасці”, - нагадаў Папа.

Якуб змагаўся ўсю ноч, не выпускаючы свайго праціўніка. Ён быў пераможаны, атрымаўшы ўдар ва ўразлівае месца, і з таго часу застаўся кульгавым на ўсё жыццё. Папа заўважыў, што таямнічы змагар спытаў імя Патрыярха, а потым сказаў яму: “Адгэтуль не будзеш звацца Якубам, але Ізраэлем, бо ты змагаўся з Богам і людзьмі і перамог!” Невядомы не назваў Якубу свайго імя, але ў якасці кампенсацыі, благаславіў яго. І Якуб зразумеў, што сустрэўся “тварам у твар” з Богам.

“Змаганне з Богам – метафара малітвы. У іншых сітуацыях Якуб паказаў сябе здольным весці дыялог з Богам, адчуваць Яго сяброўскую і блізкую прысутнасць. Але ў тую ноч праз доўгае змаганне, якое ён ледзь вытрымаў, Патрыярх змяніўся. Змяніў імя, лад жыцця, змяніўся сам. У гэты раз не ён быў гаспадаром сітуацыі, яго спрытнасць не дапамагла, ён больш не быў чалавекам, які ўсё плануе і разлічвае”, - звярнуў увагу Папа.

“Бог паказаў яму праўду пра тое, што ён смяротны чалавек, які дрыжыць і баіцца: бо падчас змагання Якуб баяўся. У гэты раз Якуб не мог нічога паказаць Богу, акрамя сваёй слабасці, бяссілля і грахоў”

, - дадаў ён.

Францішак заўважыў, што “менавіта такі Якуб атрымаў благаслаўленне Бога, дзякуючы якому кульгаючы ўвайшоў у абяцаную зямлю: уразлівы і паранены, але з новым сэрцам”. “Спачатку ён быў упэўнены ў сабе, спадзяваўся на ўласную спрытнасць”, быў “непранікальным для ласкі, недаступным для міласэрнасці”, але “Бог даў яму зразумець яго абмежаванасць, грэшнасць, патрэбу ў міласэрнасці, і выратаваў яго”.

Папа зазначыў, кожны чалавек можа мець такую сустрэчу з Богам у цёмныя моманты свайго жыцця, калі загразне ў грахах і згубіць дарогу. “Ён нас здзівіць у той час, калі мы гэтага не чакаем, калі ўбачым, што сталі па-сапраўднаму самотныя. У гэту самую ноч, змагаючыся супраць Невядомага, мы ўсвядомім, што з’яўляемся проста беднымі людзьмі, небаракамі. Але менавіта тады, калі адчуваем сябе так, мы не павінны баяцца, бо ў гэты самы момант Бог дасць нам новае імя, якое будзе ўтрымліваць сэнс усяго нашага жыцця, зменіць нам сэрца і адорыць нас благаслаўленнем, прызначаным для тых, хто дазваляе Богу змяніць сябе”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў вернікаў адкрыцца на пераўвасабляльную дзейнасць Бога. “Ён ведае, як зрабіць гэта, бо ведае кожнага з нас. Кожны з нас можа сказаць: “Пане, Ты ведаеш мяне”, “Пане, Ты ведаеш мяне. Перамяні мяне”, - параіў на заканчэнне катэхезы Францішак.
 

10 чэрвеня 2020, 11:44