Касцёл св. Рыты ў Кашы. Ілюстрацыйнае фота Касцёл св. Рыты ў Кашы. Ілюстрацыйнае фота

Святы Айцец падзякаваў манахіням за дары і малітву

Папа падзякаваў манахіням з ордэна св. Аўгустына ў італьянскім горадзе Каша за малітву і ружы, якія яны адправілі яму ў якасці асаблівага дару ў нялёгкі перыяд пандэміі.

Кветкі былі благаслаўлёныя ў літургічны ўспамін св. Рыты Кашыскай – нябеснай апякункі горада. Ён адзначаўся 22 мая. Лічыцца, што гэта італьянскага святая, якая жыла ў познім сярэднявеччы, дапамагае ў вырашэнні безнадзейных спраў.

Папа напісаў ліст да законніц, у якім распавёў, што склаў кветкі ля ног Панны Марыі, молячыся да Багародзіцы і св. Рыты “аб спаўненні волі Бога, для якога няма нічога немагчымага”.

Пантыфік заўважыў, што ў перыяд пандэміі “Езус з’яўляецца нашай адзінай надзеяй” і што ва “Уваскрослым Пане Айцец спаўняе ўсе свае абяцанні і дае нам самы вялікі доказ сваёй вернасці”. “Таму не будзем скарацца перад абліччам пакут і смерці, але паўстанем на шлях будавання будучыні, якой Бог прагне для сваіх дзяцей”, - дадаў ён.

Францішак назваў кляштар у Кашы “аазісам супакою” і пажадаў мясцовым манаскім супольнасцям вяртання пілігрымаў пасля заканчэння актуальнай надзвычайна сітуацыі.

Традыцыйнае свята ва ўспамін св. Рыты ў Кашы сёлета прайшло без удзелу тысяч вернікаў, якія звычайна прыбываюць сюды, каб занесці Богу ў малітве свае цяжкасці і праблемы. Тым не менш мясцовыя законніцы адправілі благаслаўлёныя ў гэты дзень ружы – сімвал умбрыйскай святой – Папу, біскупам, кіраўнікам італьянскіх рэгіёнаў і Прэзідэнту Італіі Сэрджа Матарэле.
 

15 чэрвеня 2020, 11:22