1589962495184.jpg

Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі: малітва – брама надзеі

Па прыродзе мы амаль нішто, але па пакліканні – дзеці вялікага Валадара, - падкрэсліў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая 20 мая 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны малітве, Пантыфік прапанаваў засяродзіць увагу на таямніцы стварэння. Ён заўважыў, што на самым пачатку Бібліі рэфрэнам паўтараюцца словы, якія падкрэсліваюць дабрыню і прыгажосць усяго, што існуе: “Убачыў Бог усё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым” (Быц 1, 31).

Прыгажосць і таямніца стварэння нараджаюць у сэрцы чалавека першы парыў, які адкрывае на малітву. Так кажа Псальм 8: “Калі я бачу Твае нябёсы, справу пальцаў Тваіх, месяц і зоркі, якія Ты ўмацаваў: то чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш, і сын чалавечы, што Ты ўзгадваеш пра яго?”- нагадаў Папа.

Чалавек, які моліцца, сузірае таямніцу жыцця вакол сябе, бачыць зорнае неба над сабой і пытаецца: якая задума любові павінна стаяць за гэтай вялікай справай? У гэтай бясконцасці чалавек вельмі ўразлівае стварэнне, але адзінае, якое ўсведамляе вялікую разнастайнасць прыгажосці стварэння, - заўважыў Францішак.

“Малітва чалавека блізка спалучана з пачуццём захаплення. Веліч чалавека бясконца малая ў параўнанні з памерамі сусвету. Яго самыя вялікія здабыткі здаюцца дробяззю... І чалавек – гэта не нішто. У малітве сцвярджаецца надзвычайна моцнае пачуццё міласэрнасці. Нічога не існуе выпадкова: таямніца сусвету заключаецца ў добразычлівым позірку, які Нехта перасякае з нашым”, - сказаў Пантыфік.

“Псальм сцвярджае, што мы мала меншыя ад Бога, увенчаныя славаю і веліччу (пар. 8, 6). Адносіны з Богам – гэта веліч чалавека: яго каранаванне. Па прыродзе мы амаль нішто, але па пакліканні – дзеці вялікага Валадара!”

, - дадаў ён.

Паводле Святога Айца, калі жыццёвыя цяжкасці пагражаюць заглушыць у нас дар малітвы, дастаткова сузірання зорнага неба, захаду, кветкі, каб у нас узнікла іскра ўдзячнасці.

Францішак нагадаў, калі пісалася біблійнае апавяданне пра Стварэнне, народ Ізраэля перажываў нешчаслівыя часы. Варожая сіла акупавала зямлю; многія былі дэпартаваны ў месапатамскую няволю. Больш не было ні Радзімы, ні святыні, ні грамадскага і рэлігійнага жыцця, нічога.

“Тым не менш, адштурхоўваючыся менавіта ад вялікага апавядання пра стварэнне, нехта пачаў знаходзіць прычыны для ўдзячнасці, для праслаўлення Бога за жыццё. Малітва – гэта першая сіла надзеі. Ты молішся, і надзея расце. Я сказаў бы, што малітва – гэта брама надзеі. Надзея існуе, але дзякуючы малітве я адчыняю ёй дзверы”, - сказаў Папа.

“Таму людзі малітвы захоўваюць фундаментальныя праўды; яны тыя, хто паўтарае, у першую чаргу самім сабе, а потым і ўсім іншым, што жыццё, нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, нягледзячы на цяжкія дні, напоўнена ласкай, якой трэба захапляцца, якая заўсёды павінна ахоўвацца і абараняцца”

, - дадаў ён.

Людзі, якія моляцца, ведаюць, што надзея большая за роспач. “Яны вераць, што любоў мацнейшая за смерць, і што дакладна аднойчы яна затрыумфуе, нават калі нам невядома калі і як. Людзі малітвы маюць на тварах адлюстраванне ззяння святла, бо нават у самыя цёмныя дні, сонца не перастае іх асвячаць. Малітва асвячае цябе: асвячае тваю душу, асвячае тваё сэрца і асвячае тваё аблічча. Нават у самыя цёмныя часы, нават у самыя балючы перыяд...”, - звярнуў увагу Францішак.

Папа падкрэсліў, што ўсе людзі з’яўляюцца носьбітамі радасці. Жыццё – дар Бога і яно вельмі кароткае для таго, каб праводзіць яго ў смутку. Ён заклікаў дзякаваць Богу за дар жыцця, бо слова “дзякуй” – гэта самая цудоўная малітва.
 

20 мая 2020, 12:11