Папа пасля малітвы "Уладарка Неба" Папа пасля малітвы "Уладарка Неба"

Папа: Унебаўшэсце кажа нам, што Езус заўсёды сярод нас

Прысутнасць Езуса сярод нас – крыніца нашай сілы, вытрываласці і радасці - падкрэсліў Пантыфік перад малітвай “Уладарка Неба”, якая 24 мая 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Прапануем поўны пераклад на беларускую мову разважання Святога Айца, якое прагучала з бібліятэкі Апостальскага палаца:

“Сёння ў Італіі і іншых краінах адзначаецца ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана. Евангельскі ўрывак (пар. Мц 28,16-20) паказвае нам апосталаў, якія пайшлі ў Галілею “на гару, куды загадаў ім Езус”. Тут адбылася апошняя сустрэча ўваскрослага Пана са сваімі – на гары. “Гара” мае моцнае сімвалічнае значэнне, запамінальнае. На гары Езус абвясціў благаслаўленні (пар. Мц 5,1-12); Ён уздымаўся на гару, каб памаліцца (пар. Мц 14,23); там сустракаўся з натоўпамі і аздараўляў хворых (Мц 15,29).

“Але ў гэты раз на гары больш не Настаўнік дзейнічаў і навучаў, але Уваскрослы прасіў вучняў дзейнічаць і абвяшчаць, давяраючы ім заданне працягваць Яго справу.”

Ён паслаў іх на місію сярод усіх народаў, кажучы: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам” (Мц 28, 18-19). Змест місіі, якая была даверана апосталам, наступны: абвяшчаць, хрысціць, вучыць і крочыць шляхам, што быў вызначаны Настаўнікам, гэта значыць жывым Евангеллем. Гэта пасланне збаўлення прадугледжвае ў першую чаргу абавязак сведчання – без сведчання немагчыма прапаведваць. Да яго таксама і мы, сучасныя вучні, пакліканы, каб даць слова аб нашай веры. Перад абліччам такога адказнага задання, і думаючы пра нашы слабасці, мы адчуваем сябе неадпаведнымі, як безумоўна адчувалі сябе таксама і самі апосталы.

“Але не будзем апускаць рукі, памятаючы словы, якія Езус скіраваў да іх перад тым як узысці на Неба: “І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку” (Мц 28,20).”

Гэта абяцанне гарантуе пастаянную і суцяшаючую прысутнасць Езуса паміж намі. Але якім чынам спаўняецца гэта прысутнасць? – Праз Яго Духа, які падштурхоўвае Касцёл спадарожнічаць кожнаму чалавеку на шляху гісторыі. Гэты Дух, які быў пасланы Хрыстом і Айцом, змывае грахі і асвячае ўсіх, хто каецца, хто адкрываецца з даверам на Яго дар. Абяцаннем заставацца з намі аж да сканчэння веку, Езус даў пачатак стылю сваёй прысутнасці ў свеце ў якасці Уваскрослага. Езус прысутны ў свеце, але іншым чынам – у якасці Уваскрослага. Гэта прысутнасць, якая адкрываецца ў Божым слове, сакрамэнтах, пастаяннай і духоўнай дзейнасці Святога Духа.

“Урачыстасць Унебаўшэсця Пана кажа нам, што Езус, нават калі ўзышоў на Неба, каб прабываць у хвале праваруч Айца, яшчэ і заўсёды знаходзіцца сярод нас: у гэтым крыніца нашай сілы, нашай вытрываласці і нашай радасці – менавіта ў прысутнасці Езуса сярод нас праз сілу Святога Духа.”

Няхай Панна Марыя спадарожнічае нам на шляху з матчынай абаронай: навучымся ад Яе паслухмянасці і адвазе, каб быць сведкамі Уваскрослага Пана ў свеце”.


 

24 мая 2020, 12:30