Vatican News

Папа: Святы Дух – Божы агонь, што распальвае сэрцы і асвячае шлях

Святы Дух дапамагае нам быць свабоднымі людзьмі, якія прагнуць і ўмеюць любіць, - падкрэсліў Папа падчас малітвы “Уладарка Неба”, якая 17 мая 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Прапануем поўны пераклад на беларускую мову разважання Святога Айца, якое прагучала з бібліятэкі Апостальскага палаца:

“Евангельскае чытанне на гэту нядзелю (пар. Ян 14,15-21) прадстаўляе два фундаментальныя пасланні: захаванне запаведзей і абяцанне Святога Духа.

Езус злучае любоў да Яго з захаваннем запаведзей і настойвае на гэтым у сваёй развітальнай прамове: “Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі” (Ян 14,15); “Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне” (Ян 14,15). Езус просіць нас любіць Яго, але тлумачыць: гэтая любоў не вычэрпваецца прагненнем Яго, ці пачуццем, але патрабуе гатоўнасці ісці Яго шляхам, у чым воля Айца. Яна абагульняецца ў запаведзі ўзаемнай любові, якую даў сам Езус: “Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго” (Ян 13,34).

“Ён не сказаў: “Любіце мяне, як Я палюбіў вас”, але “любіце адзін аднаго, як я палюбіў вас”. Ён любіць нас, не просячы аб любові ў адказ. Яго любоў – бескарыслівая. Ён нічога не просіць наўзаем і хоча, каб гэта Яго бескарыслівая любоў стала канкрэтнай формай жыцця паміж намі: гэта Яго воля.”

Каб дапамагчы вучням крочыць гэтым шляхам, Езус абяцае, што будзе маліцца да Айца, каб паслаў “іншага Суцяшыцеля” (Ян 14,16), гэта значыць Абаронцу, які зойме Яго месца і адорыць нас розумам, каб слухалі, і адвагай, каб захоўвалі Яго словы. Гэта Святы Дух – Дар любові Бога, што сыходзіць у сэрца хрысціяніна. Пасля смерці і ўваскрасення Езуса, Яго любоў была падорана тым, хто верыць у Яго і быў ахрышчаны ў імя Айца і Сына, і Святога Духа. Сам Дух кіруе імі, асвячае, умацоўвае іх, каб кожны мог крочыць па жыцці, нават калі сустракаецца з варожасцю і цяжкасцямі, у радасці і болю, застаючыся на шляху Езуса.

“Гэта магчыма менавіта калі застаемся паслухмянымі Святому Духу, каб з дапамогай сваёй дзейснай прысутнасці Ён мог не толькі суцяшаць, але і перамяняць сэрцы, адкрываць іх на праўду і любоў.”

Перад абліччам досведу памылак і грахоў – якія мы ўсе робім – Святы Дух дапамагае нам не апускаць рукі, а цалкам разумець сэнс гэтых слоў Езуса і жыць імі: “Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі” (Ян 14,15). Запаведзі не былі дадзены нам у якасці пэўнага роду люстэрка, у якім можам бачыць адлюстраванне нашай мізэрнасці і непаслядоўнасці. Не, Божае слова было дадзена нам як Слова жыцця, якое перамяняе, абнаўляе, якое не судзіць, каб асудзіць, але аздараўляе і мае на мэце прабачэнне.

“Гэта слова, якое з’яўляецца святлом ля нашых ног. І ўсё гэта – справа Святога Духа! Ён – дар Бога, Ён – сам Бог, які дапамагае нам быць свабоднымі людзьмі, асобамі, якія прагнуць і ўмеюць любіць, якія зразумелі, што жыццё – гэта місія абвяшчэння цудаў, якія Пан чыніць у тых, хто давярае Яму.”

Няхай Панна Марыя, прыклад Касцёла, здольнага слухаць Божае слова і прымаць дар Святога Духа, дапаможа нам жыць Евангеллем з радасцю, з усведамленнем таго, што мы былі адроджаны Духам, Божым полымем, якое распальвае сэрцы і асвячае наш шлях”.
 

17 мая 2020, 12:10