Пошук

Vatican News

Папа: будаванне культуры жыцця – маральны імператыў

Папа скіраваў пасланне да біскупаў Вялікабрытаніі з нагоды Дня абароны жыцця. Ён заклікаў маліцца за абаронцаў чалавечага жыцця і годнасці ў перыяд актуальнага крызісу.

“Зрабі выбар на карысць жыцця” – так гучыць тэма сёлетняй кампаніі, якая павінна была прайсці ў Вялікабрытаніі па ініцыятыве мясцовага епіскапату, але была перанесена на нявызначаны тэрмін па прычыне пандэміі каронавіруса.

У пасланні, падпісаным Дзяржсакратаром Яго Святасці Папы, кардыналам Пьетра Паралінам, падрэсліваецца, што тэма ініцыятывы гучыць асабліва актуальна ў кантэксце 25-годдзя энцыклікі св. Яна Паўла ІІ “Evangelium Vitae”, прысвечанай каштоўнасці і недатыкальнасці чалавечага жыцця.

Святы Айцец заклікаў маліцца за сем’і, валанцёраў і медыцынскіх работнікаў, якія часта гераічна клапоцяцца аб хворых з каронавірусам, а таксама за ўсіх, хто ва ўмовах “пандэміі беднасці і вайны” працуе на карысць каштоўнасці і годнасці кожнага чалавека.

Папа пажадаў, каб актуальны эпідэміялагічны крызіс прывёў да большага ўсведамлення “маральнага імператыву, які заключаецца ў будаванні культуры жыцця”, уважлівай да абароны і падтрымкі “цэласнага дабрабыту ўсіх Божых дзяцей, пачынаючы ад самых уразлівых”.

Кампанія ў абарону жыцця праводзіцца па ініцыятыве Каталіцкага Касцёла ў Вялікабрытаніі штогадова. Сёлета яна планавалася на 31 мая ў Шатландыі, 21 мая – у Англіі і Уэльсе, 7 кастрычніка – у Ірландыі.
 

28 мая 2020, 13:10