Пантыфік запісаў відэа да 100-годдзя св. Яна Паўла II

Указваючы на жыццё Яна Паўла II, Францішак адзначыў, што асабістыя і сямейныя праблемы не перашкода для святасці і шчасця. Папа скіраваў відэазварот да 100-годдзя з дня нараджэння свайго папярэдніка.

Пантыфік нагадаў, што Ян Павел II “вельмі любіў моладзь”. Ён адзначыў, што Папа-славянін быў незвычайным Божым дарам для Касцёла і Польшчы, а яго “зямное паломніцтва” адзначалася любоўю да жыцця і захапленнем таямніцай Бога, свету і чалавека.

Заўважыўшы, што Ян Павел II – “вялікі апостал міласэрнасці”, Францішак падкрэсліў, што “у святле міласэрнай любові Бога ён спасцігаў спецыфіку і прыгажосць паклікання жанчыны і мужчыны, разумеў патрэбы дзяцей, падлеткаў і дарослых, улічваючы таксама культурныя і сацыяльныя ўмовы”.

“Кожны мог гэта адчуць. Вы таксама можаце адчуць гэта сёння, пазнаючы яго жыццё і вучэнне, што даступна ўсім таксама і праз інтэрнэт”

, - сказаў Папа, звяртаючыся да кракаўскай моладзі.

Францішак таксама нагадаў, што любоў і клопат пра сям’ю – асаблівасць Яна Паўла ІІ. “Яго вучэнне – гэта зыходны пункт для пошуку канкрэтных рашэнняў цяжкасцей і праблем, якія стаяць перад сем’ямі сёння”, - лічыць ён.

Указваючы на жыццё Яна Паўла II, Пантыфік адзначыў, што асабістыя і сямейныя праблемы не перашкода для святасці і шчасця. “Цяжкасці, нават сур’ёзныя, – гэта выпрабаванне сталасці і веры; выпрабаванне, якое пераадольваецца толькі сілай Хрыста, Які памёр і ўваскрос. Ян Павел II нагадаў пра гэта ўсяму Касцёлу ў сваёй першай энцыкліцы “Redemptor Hominis”, у якой ён кажа: “Чалавек, які хоча зразумець сябе да канца, павінен са сваёй трывогай, няўпэўненасцю, а таксама слабасцю і грэшнасцю, сваім жыццём і смерцю наблізіцца да Хрыста. Ён павінен вобразна кажучы ўвайсці ў Яго сам з сабою”, - звярнуў увагу Папа.

На заканчэнне відэапаслання Францішак пажадаў моладзі “увайсці ў Хрыста ўсім сваім жыццём”.

“І я хачу, каб святкаванне стагоддзя з дня нараджэння св. Яна Паўла ІІ удыхнула ў вас жаданне смела ісці за Езусам, “Панам рызыкі, Панам пастаяннага выхаду па-за межы”

, - сказаў ён.

Святы Айцец узгадаў фрагмент сваёй прамовы 30 ліпеня 2016 г., падчас Сусветных дзён моладзі ў Кракаве: “Пан, як і ў дзень Пяцідзясятніцы, хоча здзейсніць адзін з найвялікшых цудаў, які мы можам перажыць: зрабіць, каб твае рукі, мае рукі, нашы рукі сталі знакам прымірэння, адзінства, тварэння. Ён жадае тваіх рук, малады чалавек і дзяўчына: ён хоча, каб твае рукі працягвалі будаваць сённяшні свет”.

Францішак даверыў усю моладзь заступніцтву св. Яна Паўла II.

19 мая 2020, 11:10