Пошук

REUTERS2312651.JPG

Пантыфік: спорт увасабляе культуру інклюзіўнасці і салідарнасці

“Вы дорыце іншым прыгажосць спорту”, - сказаў Францішак падчас сустрэчы з дэлегацыяй спартсменаў. У яе ўвайшлі, у тым ліку, непаўнаспраўныя асобы, бежанцы і былыя зняволеныя.

Сустрэча адбылася 20 мая 2020 г. пасля агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У размове з гасцямі Пантыфік высока ацаніў ролю спорту ў распаўсюджванні культуры “інклюзіўнасці, сяброўства, салідарнасці, выхавання”, у будаванні “моста, які яднае людзей розных веравызнанняў і культур”.

Свет спорту, па словах Папы, вучыць “ісці ў тэмпе тых людзей, які маюць іншы рытм, ці, прынамсі, улічваць іх і залучаць у свой тэмп”. Доказам гэтаму павінна стаць і міжнародная спартыўная сустрэча “Бяжым разам” - We run together – Simul Currebant, ініцыяваная Ватыканскай лёгкаатлетычнай камандай Athletica Vaticana разам з Італьянскай Федэрацыяй лёгкай атлетыкі, спартыўнай камандай Фінансавай гвардыі Італіі і Папскай радай па культуры.

Дэлегацыя, з якой сустрэўся Францішак, павінна была браць у ёй удзел, аднак па прычыне пандэміі мерапрыемства было перанесена на больш позні тэрмін. Ініцыятыва мае на мэце адрасаваць свету пасланне міру, салідарнасці і дыялогу праз сумесны забег алімпійскіх чэмпіёнаў і паралімпійцаў, а таксама атлетаў з ліку бежанцаў, мігрантаў і былых зняволеных.

У рамках мерапрыемства будзе праведзены дабрачынны аўкцыён, сродкі ад якога, як патлумачыў Папа, перададуць на патрэбы медыцынскіх работнікаў бальніцы імя Яна XXIII у Бергама і медыцынскай установы Fondazione Poliambulanza ў Брэшыі.

Святы Айцец выказаў упэўненасць у тым, што сапраўдныя спартыўныя каштоўнасці “надзвычай важныя” для перажывання гэтага складанага часу, і заклікаў сваіх гасцей “бегчы разам у жыццёвым забегу”.

21 мая 2020, 12:51