Пантыфік: параненаму свету патрэбна нашае сведчанне Евангелля

З вялікіх выпрабаванняў, сярод якіх і пандэмія, можна выйсці лепшымі ці горшымі, але дакладна не такімі ж самымі. Каб стаць лепшымі, трэба адкрыцца на дзеянне Духа Святога, які перамяняе сэрцы, - адзначыў Папа.

Позна ўвечары 30 мая 2020 г., напярэдадні ўрачыстасці Пяцідзясятніцы, Францішак правёў анлайн-сустрэчу з удзельнікамі міжнароднага каталіцкага харызматычнага служэння “Charis” і падзяліўся з імі сваімі разважаннямі адносна сумесна прачытанага ўрыўка з Кнігі Дзеяў Апосталаў пра спасланне Духа Святога (Дз 2,1-4).

“Мы жывём у моцна параненым свеце, які пакутуе, асабліва ў абліччы самых бедных, якіх адкідаюць. Сёння, калі ўся наша чалавечая ўпэўненасць знікла, свет мае патрэбу ў тым, каб мы далі яму Езуса, (…) нашае сведчанне Евангелля (…). Гэтае сведчанне мы можам даць толькі з моцай Духа Святога”

, - сцвердзіў Пантыфік.

Па яго словах, “трэба, каб Дух Святы даў нам новыя вочы, адкрыў наш розум і нашыя сэрцы, каб сустрэць сучаснасць і будучыню з засвоеным урокам: мы – адзінае чалавецтва; ніхто не можа выратавацца сам”.

Францішак выказаў перакананне, што, калі скончыцца пандэмія, усё стане іншым, а значыць, абавязкам хрысціян стане “будаўніцтва новай рэчаіснасці”.

“Усе гэтыя пакуты будуць дарэмнымі, калі не станем будаваць усе разам больш справядлівае, больш роўнае, больш хрысціянскае грамадства”

, - сказаў Папа.

“Напярэдадні свята жадаю ўсім вам суцяшэння Духа Святога і моцы Духа Святога, каб выйсці з гэтага моманту болю, смутку і выпрабавання, якім стала пандэмія; каб выйсці з яго лепшымі”, - пажадаў удзельнікам харызматычнага руху Пантыфік.

“Charis” – гэта новая служба, зацверджаная ў 2018 г. Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця з мэтай: спрыяць лучнасці і камунікацыі паміж рознымі каталіцкімі харызматычнымі групамі.

31 мая 2020, 10:45