Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Святы Айцец пра пандэмію: самую вялікую цану плацяць бедныя

Народныя рухі – “нябачнае войска, якое змагаецца ў самых небяспечных акопах”, не маючы іншай зброі акрамя “салідарнасці, надзеі і духа супольнасці”, - падкрэсліў Папа.

Францішак скіраваў пасланне салідарнасці да Народных рухаў Лацінскай Амерыкі, з якімі падтрымлівае блізкую сувязь з самага пачатку свайго пантыфікату.

Спасылаючыся на актуальную сітуацыю, выкліканую пандэміяй, Пантыфік заўважыў, што вірус б’е па ўсіх, але асаблівым чынам па самых бедных і адрынутых грамадствам. Менавіта яны плацяць і будуць плаціць у будучыні самую высокую цану пандэміі.

Пантыфік нагадаў, што ў актуальнай сітуацыі мільёны людзей выконваюць штодзённае служэнне, непрыметна для СМІ. У прыватнасці ён звярнуў увагу на работнікаў сельскагаспадарчага сектара, якія працягваюць апрацоўваць зямлю і забяспечваць усіх прадуктамі харчавання, без знішчэння зямлі і не спекулюючы на патрэбах людзей. “Хачу, каб яны ведалі, што наш Нябесны Айцец заўважае і цэніць іх, дзякуе ім і ўмацоўвае ў зробленым імі выбары”, - дадаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў Народныя рухі дапамагаць патрабуючым, аблягчаць іх сітуацыю ва ўмовах пандэміі, рабіць яе менш балючай.

Звярнуць увагу на патрэбы людзей ён заахвоціў таксама дзяржаўныя ўлады. “Спадзяюся на разуменне ўладамі факту, што тэхнакратычная парадыгма – як тая, што ставіць у цэнтр дзяржаву, так і тая, што прысвойвае цэнтральнае месца рынку, – не дастатковая для пераадолення крызісу і іншых вялікіх праблем чалавецтва. Цяпер як ніколі цэнтральную ролю павінны адыгрываць людзі, супольнасці і народы...”, - лічыць Папа.

Пантыфік заўважыў, што вялікая колькасць людзей не толькі пазбаўлена выгод глабалізацыі, але і пакутуе ад яе негатыўных наступстваў. Праблемы, якія закранаюць усіх, б’юць па іх двойчы.

“Вы, работнікі нефармальнай, незалежнай і народнай эканомікі, не маеце стабільнага заробку, каб вытрымаць у гэты момант, а каранцін становіцца для вас нязносным. Магчыма, надышоў час задумацца аб паўсюдным заробку, якім будзе прызнана і дадзена годнасць высакароднай і незаменнай дзейнасці, якую вы выконваеце; які зможа гарантаваць існаванне і пабудову чалавечай і хрысціянскай рэчаіснасці, дзе ні адзін работнік не будзе пазбаўлены правоў”, - напісаў Святы Айцец.
 

14 красавіка 2020, 13:46