Пошук

Vatican News

Святы Айцец: міласэрнасць не кідае на волю лёсу тых, хто адстае

Калі мы становімся перад абліччам Пана празрыстыя, нібы крышталь, Божае святло, святло Міласэрнасці, пачынае ззяць у нас, а праз нас – свету, сказаў Папа падчас Імшы ў Нядзелю Божай Міласэрнасці.

Літургія прайшла 19 красавіка 2020 г. у рымскім касцёле Санто-Спірыто-ін-Сасія – рымскім цэнтры культу Божай Міласэрнасці.

У гаміліі Францішак адзначыў, што, чытаючы евангельскі ўрывак з Літургіі слова, які апавядае пра вызнанне Тамаша (Ян 20, 19-31), мы, па сутнасці, становімся сведкамі ўваскрашэння гэтага вучня.

Мінуў тыдзень пасля ўваскрасення Езуса, а Яго вучні заставаліся ў стане “баязлівага нявер’я” і нават не здолелі пераканаць у праўдзівасці падзеі Тамаша – адзінага, хто адсутнічаў падчас першага з’яўлення Пана. І тады Езус ізноў прыйшоў, стаў пасярэдзіне і паўтарыў: “Спакой вам!”.

“Уваскрашэнне вучня пачынаецца адсюль, з гэтай вернай і цярплівай міласэрнасці, з адкрыцця, што Бог не стамляецца працягваць нам руку, каб падняць нас пасля нашых падзенняў. Ён хоча, каб мы бачылі Яго такім: не як гаспадара, з якім мы павінны разлічыцца, але як нашага Тату, Які заўсёды, зноў і зноў, нас падымае”

, - сказаў Святы Айцец.

Ён выказаў упэўненасць у тым, што Езус “не хоча, каб мы пастаянна ўзнаўлялі ў памяці нашыя падзенні, але каб глядзелі на Яго, Які ў падзеннях бачыць дзяцей, якіх трэба падняць. (…) Пан чакае, што мы прынясём Яму ўсе формы нашага ўбоства, каб даць нам адчуць Яго міласэрнасць”.

Дакрануўшыся да ранаў Хрыста, Тамаш дакрануўся “да пяшчотнай блізкасці Бога” і ў гэты момант перавысіў іншых вучняў, бо паверыў “не толькі ва Уваскрасенне, але ў бязмежную любоў Бога”. Вызнанне веры: “Пан мой і Бог мой!” (Ян 20,28) – “самае простае і самае прыгожае” – становіцца ўваскрашэннем Тамаша.

“[Уваскрашэнне] адбываецца, калі ўразлівая і параненая чалавечая прырода ўваходзіць у прыроду Езуса. Там рассейваюцца сумневы, там Бог становіцца маім Богам, там ізноў пачынаеш прымаць сябе і любіць уласнае жыццё”

, - сказаў Пантыфік.

Ён заўважыў, што Тамаш далучыўся да астатніх вучняў пазней, але Пан дачакаўся яго, бо “міласэрнасць не пакідае таго, хто адстае”. Пры гэтым, на думку Папы, “сёння, здаецца, усё наадварот: маленькая частка чалавецтва пайшла наперад, у той час як большасць засталася ззаду”, і цяпер, “калі думаем пра доўгае і складанае аднаўленне пасля пандэміі”, прасочваецца менавіта такая небяспека – “забыцца пра тых, хто адстаў”.

“Нас можа паразіць яшчэ горшы вірус – вірус абыякавага эгаізму. Ён перадаецца, пачынаючы з ідэі, што жыццё паляпшаецца, калі становіцца лепшым для мяне, што ўсё будзе добра, калі будзе добра мне. Пачынаецца з гэтага і заканчваецца адборам людзей, адкіданнем бедных, прынясеннем у ахвяру на алтар прагрэсу тых, хто застаўся ззаду”, - сказаў Пантыфік.

Пандэмія нагадала нам пра тое, што паміж тымі, хто пакутуе, няма адрозненняў і межаў: “усе мы ўразлівыя, усе аднолькавыя, усе патрэбныя”, сцвердзіў Папа і заклікаў браць прыклад з першай хрысціянскай супольнасці, якая, атрымаўшы міласэрнасць, ёю жыла: “Вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае. Яны прадавалі набытак свой і маёмасць і дзялілі паміж усімі, хто меў патрэбу” (Дз 2, 44-45). “Гэта не ідэалогія, - сцвердзіў Францішак. - Гэта – хрысціянства”.

Папа нагадаў словы, з якімі Езус звярнуўся да св. Фаўстыны: “Будзь заўсёды да ўсіх міласэрнай”, – і заахвоціў не думаць толькі пра ўласныя інтарэсы, але паставіцца да цяперашняга выпрабавання “як да магчымасці падрыхтаваць заўтрашні дзень для ўсіх, таму што без усёахопнага бачання ні для каго не будзе будучыні”.

“Як апостал Тамаш, прымем міласэрнасць – збаўленне свету, і будзем праяўляць міласэрнасць да найбольш слабых: толькі так мы адбудуем новы свет”, – заклікаў вернікаў Францішак.

19 красавіка 2020, 13:12