Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Папа заклікае ў маі маліцца на Ружанцы

Папа заклікаў усіх вернікаў свету да ружанцовай малітвы на працягу ўсяго мая. Ён прапанаваў дзве адмысловыя малітвы, якія могуць суправаджаць супольнае ці індывідуальнае набажэнствы.

“Набліжаецца май, месяц, калі Божы народ асаблівым чынам выражае сваю любоў і пашану да Панны Марыі. Па традыцыі на працягу гэтага месяца дома і ў сем’ях моляцца на Ружанцы. Шанаваць гэта хатняе вымярэнне, таксама з духоўнага пункту гледжання, нас “прымусілі” абмежаванні, звязаныя з пандэміяй”, - зазначыў Пантыфік у абнародаваным 25 красавіка 2020 г. пасланні.

Францішак заклікаў па-новаму адкрыць прыгажосць хатняй ружанцовай малітвы. “Гэта можна рабіць разам ці індывідуальна. Выберыце самі ў залежнасці ад сітуацыі, беручы пад увагу абедзве магчымасці. Але ў кожным выпадку ёсць адзін сакрэт: прастата. І ў інтэрнэце лёгка знайсці добрыя мадэлі малітвы, якія можна выкарыстаць”, - напісаў ён.

Папа прапанаваў вернікам дзве малітвы да Маці Божай, якія могуць суправаджаць Ружанец. Ён паабяцаў сам маліцца імі, духоўна яднаючыся з вернікамі.

“Дарагія браты і сёстры, супольнае сузіранне аблічча Хрыста сэрцам Марыі, нашай Маці, яшчэ больш з’яднае нас як духоўную сям’ю і дапаможа перамагчы выпрабаванне. Я буду маліцца за вас, асабліва за тых, хто найбольш пакутуе, а вас прашу, калі ласка, маліцца за мяне”

, - напісаў Папа.

У першай малітве Пантыфік прапанаваў звяртацца да Маці Божай, просячы, каб “дапамагла выконваць волю Нябеснага Айца і рабіць тое, што скажа Езус, Які ўзяў на сябе нашы пакуты і цяжар нашых няшчасцяў, каб праз крыж прывесці нас да радасці ўваскрасення”.

У другой малітве Святы Айцец заклікаў маліцца да Багародзіцы аб суцяшэнні для тых, хто аплаквае сваіх блізкіх памерлых; за тых, хто хвалюецца за блізкіх асоб і не мае магчымасці сустрэцца з імі, асцерагаючыся заражэння; за тых, каго непакоіць нявызначанасць, звязаная з крызісам эканомікі.

“Маці Божая і наша Маці, выпрасі для нас у Бога, Айца Міласэрнасці, заканчэнне гэтага цяжкага выпрабавання, каб мы зноў убачылі гарызонт надзеі і спакою. Як у Кане, выпрасі ў Твайго Боскага Сына суцяшэнне для сем’яў хворых і памерлых, каб іх сэрцы адкрыліся для даверу”

, - гаворыцца ў тэксце малітвы.

Папа заклікаў маліцца за медыцынскіх работнікаў, якія знаходзяцца на “перадавой” барацьбы з каронавірусам і “рызыкуюць жыццём дзеля ратавання жыцця іншых”; за тых, хто даглядае за хворымі; за святароў, “якія з душпастырскім запалам і евангельскай адказнасцю імкнуцца дапамагчы і падтрымаць”; за навукоўцаў, каб “знайсці правільныя рашэнні для перамогі над вірусам”; за кіраўнікоў дзяржаў, “каб дзейнічалі мудра, шчодра і неадкладна, аказваючы падтрымку тым, у каго няма самага неабходнага для жыцця, плануючы сацыяльныя і эканамічныя рашэнні з дальнабачнасцю і ў духу салідарнасці”.

“Найсвяцейшая Панна Марыя, абудзі сумленне людзей, каб велізарныя сумы, якія ўкладаюцца ў развіццё і ўдасканаленне зброі, былі перанакіраваны на падтрымку даследаванняў, неабходных для прадухілення такіх катастроф у будучыні”

, - моліцца Францішак.

Папа заклікаў прасіць Багародзіцу, каб людзі асэнсавалі сваю прыналежнасць да адзінай чалавечай сям’і і змаглі ў духу братэрства і салідарнасці адказаць на шматлікія патрэбы і розныя формы беднасці; каб захавалі цвёрдасць веры, пастаянства ў служэнні, трываласць у малітве.

“О, Марыя, Суцяшальніца засмучаных, прымі ў свае абдымкі сваіх спакутаваных дзяцей і выпрасі ў Бога, каб Ён сваёй магутнай правіцай вызваліў нас ад гэтай страшэннай эпідэміі, каб мог мірна аднавіцца звычайны бег жыцця”, - звяртаецца ў сваёй малітве Святы Айцец.
 

25 красавіка 2020, 13:32