Папа падчас сустрэчы з галоўным рабінам Рыма Папа падчас сустрэчы з галоўным рабінам Рыма

Папа абмяняўся віншаваннямі з галоўным рабінам Рыма

Аднавіць сяброўскія сувязі і намаганні на карысць самых патрабуючых, асабліва падчас актуальных выпрабаванняў, - з такімі пажаданнямі Святы Айцец звярнуўся да яўрэйскай супольнасці Вечнага горада.

Свае віншаванні на імя галоўнага рабіна Рыма Рыкарда Дзі Сэньі Францішак скіраваў з нагоды свята Песах, якое прадстаўнікі юдаізма ва ўсім свеце адзначаюць сёлета з 8 па 16 красавіка.

“Няхай Усемагутны, Які вызваліў свой умілаваны народ з няволі і прывёў у Абяцаную зямлю, суправаджае вас і ў гэтыя дні багаццем сваіх благаслаўленняў”, - напісаў у спецыяльным пасланні Папа, запэўніваючы вызнаўцаў юдаізму ў малітве і просячы аб малітве за сябе.

Рабін Дзі Сэньі таксама скіраваў віншаванні Пантыфіку. Ён заўважыў, што сёлета Пасха праходзіць у сітуацыі, калі звычайны рух жыцця быў парушаны эпідэміяй, “што стала прычынай жалобы, страху, эканамічных і грамадскіх катаклізмаў”. Рабін звярнуў увагу на намаганні, якія прыкладаюць як католікі, так і юдэі, каб адказаць на гэтыя вылікі. Менавіта ў такі час канкрэтным чынам становяцца бачнымі “супольныя каштоўнасці нашых рэлігій і патрэба працаваць разам на карысць калектыўнага дабра”, - лічыць ён. Рыкарда Дзі Сэньі пажадаў Францішку, каб, “нягледзячы ні на што, Пасха была спакойнай, прынесла абнаўленне і пасланне лепшага свету”.

Францішка звязваюць добрыя асабістыя адносіны з галоўным рымскім рабінам. Яны сустракаліся ў Ватыкане. У студзені 2016 г. ён, працягваючы традыцыю сваіх папярэднікаў – Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI, – наведаў Вялікую сінагогу і яўрэйскі квартал Рыма, усклаў кветкі да манументаў, устаноўленых у памяць аб трагічных старонках гісторыі яўрэяў.

Рымская юдэйская супольнасць лічыцца найстарэйшай на Захадзе. З 20 тыс. членаў, яна з’яўляецца самай вялікай у Італіі.
 

09 красавіка 2020, 12:26