IMG_4566aem.jpg

Ватыканскі прэфект: адказаць на пандэмію любоўю да бліжняга

Перамагчы вірус і страх “пандэмічным заражэннем любоўю”, - заклікаў кардынал Луіс Антона Тагле, прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў і старшыня “Caritas Internationalis”.

У рэфлексіі, падрыхтаванай спецыяльна для “Vatican News”, філіпінскі іерарх заўважыў, што падчас надзвычайнай сітуацыі людзі інстынктыўна думаюць, у першую чаргу, пра сябе, сваю сям’і і блізкіх. “Мы робім усё магчымае, каб абараніць іх. Нават, калі гэта рэакцыя па сутнасці з’яўляецца добрай, мы павінна быць пільнымі і не засяроджвацца толькі на сабе. Трэба не дапусціць, каб страх зрабіў нас сляпымі да патрэб іншых людзей, тых патрэб, якія з’яўляюцца і нашымі”, - сказаў ён.

Кардынал Тагле пажадаў, каб надзвычайная сітуацыя, якая закранае вялікае мноства людзей, справакавала павелічэнне клопату, спагады і любові. “Пандэмічнае распаўсюджванне віруса павінна выклікаць пандэмічнае “заражэнне” любоўю. Гісторыя будзіць судзіць наша пакаленне на падставе сілы бескарыслівай любові, якую гэтая агульная надзвычайная сітуацыя абудзіць і пашырыць... Падзякуем гераічным асобам, любоў і адвага якіх ужо з’яўляюцца крыніцай аздараўлення і надзеі на працягу гэтых апошніх тыдняў”, - сказаў іерарх.

Ватыканскі прэфект заўважыў, што ва ўмовах распаўсюджвання віруса трэба часцей мыць рукі, але заклікаў не рабіць гэтага па прыкладзе Понція Пілата. “Мы не можам умыць рукі, уцякаючы ад адказнасці за бедных, пажылых, беспрацоўных, бежанцаў, бяздомных, медыцынскіх работнікаў, усіх людзей, навакольнага асяроддзя і будучых пакаленняў. Будзем маліцца, каб праз сілу Святога Духа ва ўсіх людскіх сэрцах нарадзілася шчырая любоў, і мы маглі даць адказ на гэтую агульную надзвычайную сітуацыю”, - закончыў сваю рэфлексію кардынал Тагле.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 сакавіка 2020, 15:02