1584297746893.JPG

Святы Айцец для “La Repubblica”: малыя жэсты надаюць сэнс жыццю

“Я маліўся Богу, каб Ён спыніў эпідэмію”, - прызнаўся Папа ў інтэрв’ю італьянскай “La Repubblica”, гаворачы пра намеры нядзельнага візіту ў Санта-Марыя-Маджорэ і Сан-Марчэла-аль-Корса.

На пытанне, як жыць у цяжкія дні санітарнай ізаляцыі і абмежавання, Францішак заклікаў адкрыць сэнс малых але важных жэстаў у адносінах да родных і сяброў. Ён заўважыў, што людзі часта паміраюць у ананімнасці штодзённага жыцця. “Гаворка ідзе пра жэсты пяшчоты, прыхільнасці, спагады, якія з’яўляюцца вызначальнымі і важнымі. Напрыклад, гарачая страва, пяшчотны дотык, абдымкі, тэлефанаванне... Гэта жэсты ўвагі да дэталяў, якія кожны дзень надаюць сэнс жыццю, якія сведчаць, што паміж намі ёсць еднасць і зносіны”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Папа адзначыў, што часта сем’і спажываюць ежу ў цішыні, бо бацькі глядзяць тэлевізар, а ўвага дзяцей сканцэнтравана на смартфоне. Не хапае ўвагі адно да аднаго, хоць кожны мае патрэбу ў зносінах і разуменні. “Існуе мова, што складаецца з пэўных жэстаў, якія трэба старанна захоўваць. На маю думку, сапраўдная пакута гэтых дзён заключаюцца ў гэтай канкрэтнасці, звязанай з неабходнасцю адкрытасці для іншых”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец выказаў падзяку медыцынскім работнікам, валанцёрам і сем’ям тых, хто памёр ад каронавіруса. “Калі ласка, няхай усе будуць побач з тымі, хто страціў сваіх блізкіх, імкнучыся ўсяляк суправаджаць іх. Кожны павінен суцешыць таго, хто смуткуе”, - падкрэсліў ён. У той жа час Папа нагадаў пра абавязак сацыяльнай салідарнасці, якая выяўляецца, у прыватнасці, у выплаце падаткаў. Той, хто ўхіляецца ад іх, абмяжоўвае доступ людзей да медыцынскіх паслуг.

Францішак заклікаў усіх да надзеі, нават тых, хто не верыць у Бога: “Усе з’яўляюцца дзецьмі Бога, і Яму не абыякавы ніхто. Нават тыя, хто яшчэ не сустрэў Бога, тыя, хто не мае веры, могуць знайсці свой шлях у добрым, у тым, у што вераць: яны могуць знайсці сілу ў любові да сваіх дзяцей, сям’і і братоў. Хтосьці можа сказаць: “Я не магу маліцца, таму што не веру”. Але ў той жа час ён можа верыць у любоў блізкіх і знайсці там надзею”, - сказаў Святы Айцец у інтэрв’ю італьянскай газеце.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 сакавіка 2020, 14:20