Пошук

1585646256037.jpg

Пантыфік: пандэмія ўжо паўплывала на будучыню чалавецтва

Францішак даў важныя рэкамендацыі адносна сучаснасці і будучыні ў кантэксце цяперашняй пандэміі. Ён перасцерагае ад “віруснага генацыду”.

Адмысловы ліст з разважаннямі Пантыфіка атрымаў Раберта Андрэс Гэларда, старшыня Панамерыканскага камітэта суддзяў па сацыяльных правах.

Папа перасцярог ад палітычнага падыходу, які не ўлічвае ініцыятыў па абароне насельніцтва, што вядзе да драматычных сацыяльных наступстваў. У той жа час ён высока ацаніў стаўленне ўладаў многіх краін, для якіх абарона грамадзян стала галоўным прыярытэтам, незалежна ад фінансавых выдаткаў. Часам меры бяспекі абцяжарваюць людзей і могуць іх раздражняць, але прымаюцца на агульную карысць. Большасць разумее гэта. Папа падкрэсліў, што меры па абароне насельніцтва нельга разумець у якасці “эканамічнай катастрофы”.

Францішак выказаў заклапочанасць “геаметрычна нарастаючым пашырэннем” пандэміі і з прызнаннем паставіўся да гуманітарнай пазіцыі многіх людзей. Гаворка ідзе пра медыцынскі персанал, валанцёраў, духавенства, якія рызыкуюць сваім жыццём лечачы хворых і абараняючы здаровых ад заражэння.

Святы Айцец лічыць, што чалавецтву трэба рыхтавацца да будучыні, бо ўжо зараз можна назіраць наступствы пандэміі, з якімі давядзецца сутыкнуцца: голад, асабліва ў выпадку людзей без пастаяннай занятасці, насілле і з’яўленне спекулянтаў, якія значна шкодзяць будучыні грамадства.

31 сакавіка 2020, 12:12