Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Падпісанне Глабальнага адукацыйнага пагаднення – у кастрычніку

Цырымонія падпісання глабальнага адукацыйнага пагаднення, якая павінна была адбыцца 14 мая 2020 г. у Ватыкане, пераносіцца на 15 кастрычніка. Прычына – распаўсюджванне каронавіруса.

Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі паведаміла, што сустрэча пад назвай Глабальнае адукацыйнае пагадненне, якая планавалася на 10-17 мая, пройдзе 11-18 кастрычніка 2020 г.

“Няўпэўненасць, звязаная з распаўсюджваннем каронавіруса, а таксама рашэнні дзяржаўных уладаў на міжнародным узроўні прывялі да пераносу сустрэчы, дзеля таго, каб дазволіць больш шырокі і спакойны ўдзел у ёй”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні.

Адзначаецца, што Глабальнае пагадненне тычыцца не толькі навучальных і акадэмічных устаноў, але ўсіх людзей, у тым ліку прадстаўнікоў рэлігій, міжнародных арганізацый, гуманітарных структур, свету навукі, эканомікі, палітыкі і культуры.

“У гэтым кантэксце становіцца зразумелым, што як мага больш шырокі і разнастайны ўдзел, якога жадае папа Францішак, з’яўляецца не дадатковым вымярэннем Глабальнага адукацыйнага пагаднення, а перадумовай і мэтай такога саюза”, - падкрэсліла Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі.

У ідэі Францішка, сёння свету патрэбна “адукацыйнае пагадненне” паміж сям’ёй, школай, радзімай і светам – паміж інстытутамі і структурамі, якія закліканы выхоўваць. У яго аснове, паводле Папы, павінна ляжаць новае аб’яднанне ведаў, культуры, спорту, навукі.

Сустрэча з нагоды заключэння Пагаднення з’яўляецца не першай буйной ватыканскай падзеяй, якая адкладваецца па прычыне каронавіруса. 2 сакавіка было абнародавана паведамленне аб пераносе з сакавіка на лістапад сустрэчы маладых эканамістаў і прадпрымальнікаў “Эканоміка Францішка”.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 сакавіка 2020, 13:51