Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак заснаваў Генеральнае ўпраўленне па кадрах

Пантыфік, па прапанове Сакратарыята па эканамічных пытаннях, заснаваў Генеральнае ўпраўленне па кадрах. Яно будзе дзейнічаць пры Першай секцыі Дзяржаўнага сакратарыята.

Новая структура будзе займацца не толькі кадравымі пытаннямі ў Дыкастэрыях і структурах Святога Пасаду, але і ў ведамствах, фондах, капітулах і гд., якія на дадзены момант не падлягаюць цэнтралізаванаму кантролю. Аб гэтым Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала 6 сакавіка 2020 г.

Упраўленне не ўзнікла “з нуля”. Яно было створана на базе Бюро па кадрах Дзяржаўнага сакратарыята. Новая структура будзе мець больш шырокія паўнамоцтвы, застаючыся ў падпарадкаванні Субстытута па агульных справах, які прызначае яе дырэктара.

Рашэнне аб заснаванні Генеральнага ўпраўлення было прынята пасля доўгай рэфлексіі і вывучэння праблематыкі. Гэта чарговы крок у працэсе рэфармавання Рымскай курыі, які Францішак праводзіць разам з Радай кардыналаў. Структура будзе ўзаемадзейнічаць з Сакратарыятам па эканамічных пытаннях, Бюро працы Апостальскай Сталіцы, Ватыканскім пенсійным фондам, Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан, Незалежнай камісіяй па наборы свецкага персаналу.

Новае ўпраўленне “будзе мець стратэгічную, інспекцыйную і аператыўную ўладу і выконваць функцыі каардынацыі, кантролю і нагляду”. Яе заданне – стварыць яснае і цэласнае ўяўленне кадравай сітуацыі Апостальскай Сталіцы.

Ватыканскія ведамствы, структуры, фонды, капітулы і гд., выключаныя з цэнтралізаванага кантролю, захаваюць сваю аўтаномію і ўжо існуючы падыход да кіравання персаналам і аплаты яго працы, але цяпер павінны будуць перадаваць новай структуры ўсю кадравую інфармацыю.

Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам выказала спадзяванне, што новаўвядзенне будзе добра прынята ўсімі структурамі, якіх яно датычыцца, і паспрыяе больш эфектыўнаму кіраванню кадрамі.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 сакавіка 2020, 12:19