Францішак маліўся аб выратаванні свету ад любой формы пандэміі

19 сакавіка 2020 г. Папа звярнуўся да італьянскіх вернікаў у форме відэапаслання з нагоды арганізаванай па ўсёй краіне ружанцовай малітвы. Нагодай сталі ўрачыстасць св. Юзафа і складаны час пандэміі.

Канферэнцыя Біскупаў Італіі запрасіла ўсіх вернікаў, сем’і і манаскія супольнасці далучыцца духоўна да малітвы ў дзевяць гадзін вечара, разважаючы над ружанцовымі Таямніцамі святла. Пантыфік прыняў удзел у малітоўнай ініцыятыве з рымскай парафіі св. Юзафа – Сан-Джузэпэ-ін-Трыонфале.

У цяперашняй сітуацыі, калі, здавалася б, “усё вакол пахіснулася”, мы пакліканы заставацца моцнымі ў тым, што па-сапраўднаму важна, падкрэсліў Папа ў сваім відэапасланні.

“І цясляр з Назарэта спазнаў нестабільнасць і горыч, трывогу за заўтрашні дзень. Але ён здолеў крочыць у змроку ў розныя моманты, заўсёды безумоўна аддаючы сябе волі Божай”, - заўважыў Францішак.

Святы Айцец прамовіў некалькі малітоўных просьбаў: аб тым, каб св. Юзаф захаваў Італію, прасвятліў адказных за агульнае дабро, даў мудрасць тым, хто шукае сродкі для абароны здароўя і фізічнага дабрабыту грамадзян, аб самых патрабуючых, адзінокіх і пажылых. “Разам з Найсвяцейшай Багародзіцай, малі Пана, каб вызваліў наш свет ад усялякай формы пандэміі”, - завяршыў Францішак сваю малітву.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 сакавіка 2020, 11:34