1581498748818.JPG

Папа: слёзы па прычыне нашых грахоў – гэта благаслаўленне

Любіць шчодра, з усмешкай, блізкасцю, служэннем, а таксама са слязамі, - заклікаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая 12 лютага 2020 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Папа прысвяціў катэхезу другому евангельскаму благаслаўленню: “Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны” (Мц 5, 4). Ён заўважыў, што на грэчаскае мове гэта благаслаўленне выражана не ў пасіўнай форме, а актыўнай: “якія засмучаюцца”, плачуць з глыбіні душы. Гаворка ідзе пра досвед, які айцы-пустыннікі, першыя ў гісторыі манахі, называлі “penthos”. Ён азначае ўнутраныя пакуты, што адкрываюць на адносіны з Панам і бліжнім.

Пантыфік нагадаў, што ў Святым Пісанні такі смутак можа мець два аспекты: можа ўзнікнуць па прычыне смерці ці пакут іншага чалавека, а можа быць выкліканы ўласным грахом, “калі сэрца абліваецца крывёю ад таго, што абразілі Бога і бліжняга”.

Гаворачы пра першае значэнне, Святы Айцец падкрэсліў, што ёсць людзі, якія заўсёды трымаюцца на дыстанцыі ад іншых; у той час як важна, “каб іншыя прабілі адтуліну ў нашым сэрцы”. “Я часта казаў пра дар слёзаў і яго каштоўнасць. Ці магчыма любіць халодна? Ці магчыма любіць у сілу абавязку? – Вядома, што не. Існуюць засмучаныя, якіх трэба суцешыць, але ёсць таксама і суцешаныя, якіх трэба засмуціць, абудзіць. Гэта людзі, якія маюць каменнае сэрца і развучыліся плакаць. Трэба абудзіць тых, каго не кранае боль іншых”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што горкім, але карысным досведам можа стаць нават жалоба, бо яна дапамагае “расчыніць вочы на жыццё, на сакральную і незаменную каштоўнасць кожнага чалавека”. У такія хвіліны мы ўсведамляем наколькі кароткім ёсць час, - дадаў Папа.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Каментуючы другое значэнне “гэтага парадаксальнага благаслаўлення” – засмучацца па прычыне ўласнага граху, – Святы Айцец заклікаў да праніклівасці. Ён заўважыў, што ёсць людзі, якія раздражняюцца, калі памыляюцца – гэта пыха. Адваротная пастава – плач па прычыне “учыненага зла, нязробленага дабра, здрады адносінам з Богам”, - лічыць Пантыфік.

“Гэта плач ад недахопу любові, які ўзнікае, калі маем у сэрцы жыццё іншых. У такой сітуацыі мы плачам, бо не адпавядаем Пану, які нас моцна любіць, нас засмучае сама думка пра дабро, якое не зрабілі; гэта адчуванне граху. Такія людзі кажуць: “Я параніў таго, каго люблю”, і гэта іх засмучае аж да слёз. Няхай жа будзе благаслаўлёны Бог, калі будзем мець такія слёзы!”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што для св. Пятра смутак па прычыне здрады стаў шляхам да “новай і значна больш сапраўднай любові”, ачысціў і абнавіў яго сэрца, а для Юды, які не прыняў уласнай памылкі, наадварот – стаў прычынай самазабойства. Ён падкрэсліў, што ўсведамленне граху – гэта Божы дар і плён Святога Духа, аб якім трэба прасіць.

Пантыфік спаслаўся на словы св. Яфрэма Сірыйскага, які казаў, што “твар абмыты слязамі з’яўляецца невымоўна прыгожым”. У ім ёсць прыгажосць пакаяння, плачу, скрухі.

“Як заўсёды хрысціянскае жыццё найлепшым чынам выражаецца ў міласэрнасці. Мудры і шчаслівы той, хто прымае боль, звязаны з любоўю, бо атрымае суцяшэнне Святога Духа, якім ёсць пяшчотнасць Бога, што прабачае і папраўляе. Бог заўсёды прабачае, не будзем забывайць пра гэта. Бог заўсёды прабачае, нават самыя страшныя грахі. Праблема ў тым, што мы стамляемся прасіць прабачэння...”, - нагадаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што Бог “не паступае з намі паводле грахоў нашых і паводле правін нашых нам не адплачвае”. З усведамленне гэтага зможам жыць у міласэрнасці, спагадзе і ў нас праявіцца любоў. “Няхай Пан дазволіць нам любіць шчодра, любіць з усмешкай, блізкасцю, служэннем, а таксама са слязамі”, - пажадаў Святы Айцец на заканчэнне катэхезы.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 лютага 2020, 11:26