1581334049809.JPG

Пантыфік: “Рыцары Калумба” – знак любові Бога для абяздоленых

Францішак прыняў дэлегацыю каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Рыцары Калумба”. Аўдыенцыя адбылася 10 лютага 2020 г. з нагоды 100-годдзя яе дзейнасці ў Рыме.

Папа нагадаў, што мінула ўжо цэлае стагоддзе з таго часу як Бэнэдыкт XV запрасіў “Рыцары Калумба” аказаць гуманітарную дапамогу жыхарам Вечнага горада, якія цярпелі ад наступстваў Першай сусветнай вайны. “Рыцары адказалі з шчодрасцю, стварыўшы спартыўныя цэнтры для моладзі, што хутка пераўтварыліся ў месцы выхавання, катэхізацыі, раздачы ежы і ўсяго неабходнага, у чым тады існавала вялікая патрэба”, - заўважыў Пантыфік.

Гаворачы пра дзейнасць “Рыцараў Калумба” у наш час, Папа асаблівым чынам падкрэсліў важнасць “вернага сведчання аб святасці годнасці чалавечага жыцця”, якое яны даюць на мясцовым і міжнародным узроўні. Адным з яго выразаў стала матэрыяльная і духоўная падтрымка хрысціянскіх супольнасцей на Блізкім Усходзе.

“Дзякую вам за тое, што бачыце ў пераследаваным і абяздоленым браце і сястры з гэтага рэгіёну, вашага блізкага, для якога вы з’яўляецеся знакам бязмежнай любові Бога”

, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на асаблівую пашану “Рыцараў Калумба ”да Наступніка св. Пятра, якую пацвярджае заснаванне імі спецыяльнага дабрачыннага фонда “Vicarius Christi”. “У нашым свеце, пазначаным падзеламі і няроўнасцю, ваша шчодрая дзейнасць на карысць патрабуючых, дае, у першую чаргу моладзі, важнае натхненне, каб перамагаць глабалізацыю абыякавасці і будаваць больш справядлівае і інклюзіўнае грамадства”, - падкрэсліў Францішак.

Рыцары Калумба (Knights of Columbus) – гэта міжнародная арганізацыя мужчын-католікаў. Яны працуюць у многіх краінах свету і аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах каля 2 млн чалавек. Іх прынцыпамі з’яўляюцца міласэрнасць, адзінства, братэрства і патрыятызм.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 лютага 2020, 12:41