1581758548731.JPG

Пантыфік: толькі кіруючыся любоўю, можна рэалізоўваць закон

Ісці шляхам справядлівасці да сапраўднага братэрства, калі ўсе знаходзяцца пад абаронай, асабліва найбольш слабыя і ўразлівыя, - пажадаў Папа супрацоўнікам Трыбунала Дзяржавы Ватыкан.

15 лютага 2020 г., у рамках цырымоніі адкрыцця новага судовага года, Францішак прыняў юрыстаў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Пантыфік пажадаў прысутным, каб узорам усталявання справядлівасці для іх служыла Святое Пісанне, бо яно “вучыць больш глыбокаму позірку на мірскую рэчаіснасць і дэманструе, што справядлівасць, прапанаваная Езусам, – гэта не проста набор тэхнічна прынятых правіл, але настрой сэрца, які кіруе тым, хто нясе адказнасць”.

“Нашае персанальнае навяртанне – вось адзіная справядлівасць, якая нараджае справядлівасць”

, - сцвердзіў Пантыфік.

Пры гэтым адной справядлівасці недастаткова: па словах Папы, яна павінна суправаджацца іншымі кардынальнымі цнотамі – “разважлівасцю, мужнасцю і ўстрыманасцю”.

“Выносячы прысуд, менавіта вы, унікаючы ў складанасць чалавечых гісторый, павінны даць справядлівыя адказы, злучаючы правільнасць законаў з міласэрнасцю, перанятай ад Езуса. Сапраўды, любоў не адмяняе Закону, але выконвае яго (пар. Рым 13, 8-10), бо ўздымае ўсё на больш высокі ўзровень, дзе нават асуджаныя на самую цяжкую кару знаходзяць выкупленне надзеі”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец узгадаў змены, якія зазнала ватыканскае заканадаўства ў працэсе рэфармавання, накіраванага на яго прывядзенне ў адпаведнасць з нормамі міжнароднага права і асабліва на супрацьстаянне беззаконню ў сферы фінансаў.

Папа запэўніў, што рэформы заканадаўчай сістэмы Ватыкана працягнуцца, бо гэта частка місіі Касцёла, аднак падкрэсліў, што для забеспячэння добрых вынікаў патрэбны яшчэ і высокія маральныя якасці супрацоўнікаў гэтай сферы. “Бо якім судом вы судзіце, такім і вас асудзяць” (Мц 7, 2), - працытаваў Францішак Святое Пісанне.

“Гэтыя словы не павінны пужаць, а толькі падштурхоўваць нас выконваць свае абавязкі з сур’ёзнасцю і пакорай”

, - дадаў ён.

На завяршэнне прамовы Папа пажадаў прысутным “адкрываць прастору і новыя маршруты, каб ажыццяўляць справядлівасць на карысць пашырэння чалавечай годнасці, свабоды і, у рэшце рэшт, міру”.

Трыбунал Дзяржавы Ватыкан быў створаны ў 1929 г. і атрымаў сваю сучасную назву пасля судовай рэформы 1987 г. Яго будынак знаходзіцца на ватыканскай Пьяцца-Санта-Марта. Не так даўно, у кастрычніку 2019 г., Францішак прызначыў новага старшыню Трыбунала, 70-гадовага італьянскага юрыста Джузэпэ Піньятонэ, які раней быў пракурорам італьянскай Рэджыа Калабрыя, а з сакавіка 2012 г. – пракурорам Рыма.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 лютага 2020, 13:29