italy-chile-pope-visit-1516022286522.jpg

Папа скіраваў пасланне на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі

“Каб не заблукаць, нам трэба дыхаць праўдай добрых гісторый”: Святы Пасад абнародаваў Пасланне Францішка на 54-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі.

Свята адзначаецца ў Касцёле ў нядзелю пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана і сёлета прыпадае на 24 мая, а папскі зварот з гэтай нагоды традыцыйна распаўсюджваецца 24 студзеня – ва ўспамін св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў.

Загалоўкам для сёлетняга тэксту паслужылі словы з кнігі Зыходу: “І каб ты распавядаў...” (Зых 10, 2). Жыццё становіцца гісторыяй”. Яны нагадваюць пра наказ, які Майсей атрымаў ад Бога: распавядаць пра цуды, што Пан учыніў для ізраільскага народу, каб яны захаваліся ў памяці людзей.

“Хачу прысвяціць сёлетняе Пасланне тэме апавядання, бо веру, што, каб не заблукаць, нам трэба дыхаць праўдай добрых гісторый: гісторый, якія будуюць, а не разбураюць; гісторый, якія дапамагаюць адшукаць карані і моц, каб рухацца наперад”, - патлумачыў Пантыфік ва ўступнай частцы дакумента.

Папа падкрэсліў, што чалавек – расказчык па сваёй сутнасці: знаходзячыся ў пастаянным працэсе станаўлення, ён выяўляе і ўзбагачае сябе праз сюжэты сваёй паўсядзённасці. Аднак з самага пачатку наш аповед знаходзіцца пад пагрозай гісторый, якія “усыпляюць, пераконваючы ў тым, што нам, каб быць шчаслівымі, трэба пастаянна мець, валодаць, спажываць”. І мы з цяжкасцю ўсведамляем, наколькі “прагнымі да пустаслоўя і пляткарання становімся”, колькі “жорсткасці і лжывасці спажываем”.

“Складваючы разам неправераную інфармацыю, паўтараючы банальныя і лжыва пераканаўчыя рэчы, паражаючы заклікамі нянавісці, мы не тчом чалавечую гісторыю, а толькі пазбаўляем чалавека годнасці”

, - напісаў Папа.

Пры гэтым, аднак, ён запэўніў, што гісторыі, якія ўжываюцца для маніпулявання і ў інтарэсах улады, “маюць кароткае жыццё”; добрая ж гісторыя “здольная пераходзіць межы часу і прасторы”.

А каб працягваць ткаць яе сёння, “у эпоху ўсё больш дасканалых фальсіфікацый”, нам патрэбны: мудрасць – “каб ствараць і прымаць добрыя, праўдзівыя гісторыі”; мужнасць – “каб адхіляць ілжывыя і злыя”; цярплівасць і разважлівасць – “каб адрозніць гісторыі, якія дапамогуць нам не згубіць напрамак сярод мноства сучасных падзелаў і будуць несці святло таго, чым мы з’яўляемся, нават ва ўмовах невуцкага гераізму паўсядзённасці”.

Святое Пісанне – вось, по словах Францішка, “Гісторыя гісторый, якая з самага пачатку паказвае нам Бога, Які ёсць адначасова Стварыцелем і Апавядальнікам”. Прамаўляючы Словы, Ён кліча да жыцця рэчы і стварае чалавека “як свайго вольнага суразмоўцу, сустваральніка гісторыі”.

“Жыццё дадзена нам як запрашэнне працягваць ткаць тое “цудоўнае стварэнне” (пар. Пс 139, 14), якім мы з’яўляемся”

, - сцвердзіў Пантыфік.

Ён выказаў перакананне, што “не існуе нязначных або малых чалавечых гісторый. З таго часу як Бог стаўся гісторыяй, кожная чалавечая гісторыя – гэта, у пэўным сэнсе, гісторыя Боская”, а праз дзеянне Духа Святога любая гісторыя, “нават самая забытая, запісаная, здавалася б, на найбольш скрыўленых радках, можа стаць натхнёнай, адрадзіцца як шэдэўр, зрабіцца дадаткам Евангелля”.

“У гісторыі кожнага чалавека Айцец бачыць гісторыю свайго Сына, Які сышоў на зямлю. Кожная чалавечая гісторыя мае нястрымную годнасць. Таму чалавецтва годнае аповедаў, якія б адпавядалі яго велічы, той галавакружнай і чароўнай велічы, да якой яе ўзняў Езус”, - напісаў Францішак.

Ён запэўніў, што апавядаць сваю гісторыю Богу ніколі не бывае дарэмным, бо “нават калі храналогія падзей застаецца нязменнай, мяняюцца сэнс і перспектыва”.

“Расказваць пра сябе Пану – значыць уваходзіць у Яго позірк міласэрнай любові да нас і да іншых людзей. Яму можам расказваць гісторыі, якія пражываем, прыводзіць людзей, даручаць сітуацыі. З Ім можам пачаць нанова ткаць жыццё, зашываючы дзіры і разрывы”, - зазначыў Святы Айцец.

Францішак заахвоціў вернікаў, даручыўшы сябе Найсвяцейшай Дзеве Марыі – Той, “якая здолела распутаць вузлы жыцця лагоднай моцай любові”, – захоўваць памяць пра тое, хто мы ў вачах Бога, сведчыць аб тым, што Дух Святы ўпісвае ў нашыя сэрцы, і адкрываць кожнаму чалавеку, што яго гісторыя ўтрымлівае надзвычайныя цуды.

Сваё Пасланне Францішак завяршыў адмысловым малітоўным зваротам да Божай Маці.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 студзеня 2020, 12:49