1580384553621.JPG

Папа да Кангрэгацыі Веравучэння пра абарону жыцця і злоўжыванні

Францішак сустрэўся 30 студзеня 2020 г. з членамі Кангрэгацыі Веравучэння, якія сабраліся на пленарным пасяджэнні. “Ваша прыхільнасць мае правільны кірунак”, - заўважыў Пантыфік.

Тэма сёлетняга пленарнага пасяджэння дыкастэрыі: клопат пра людзей на крытычных і тэрмінальных этапах жыцця.

Пантыфік падкрэсліў, што “хрысціянская дактрына сама па сабе не з’яўляецца жорсткай і закрытай сістэмай, але і не ёсць ідэалогіяй, якая мяняецца з цягам часу”. Яна, хутчэй, “дынамічная рэчаіснасць, якая, захоўваючы вернасць сваёй аснове, аднаўляецца з пакалення ў пакаленне і абагульняецца ў асобе, у целе і ў імені: Уваскрослага Езуса Хрыста”.

Трывогу Папы выклікае той факт, што ў сучасным сацыяльна-культурным кантэксце паступова размываецца ўсведамленне таго, што робіць жыццё чалавека па-сапраўднаму каштоўным. Усё часцей выкарыстоўваюцца прынцыпы “эфектыўнасці і карыснасці”, што прыводзіць да адкідвання жыцця, якое “не адпавядае гэтым крытэрыям”. Такое мысленне – вынік страты “сапраўдных каштоўнасцей”.

Па гэтай прычыне Францішак падкрэсліў: “Супольнасць заслугоўвае статусу “грамадзянская”, калі выпрацоўвае антыцелы супраць культуры адчужэння; калі яна прызнае недатыкальную каштоўнасць чалавечага жыцця; калі салідарнасць актыўна практыкуецца і захоўваецца як аснова суіснавання”.

Тэма клопату пра хворых на крытычнай і тэрмінальнай стадыях жыцця ўяўляе сабой вельмі сур’ёзную задачу для Касцёла. Тут, лічыць Папа, неабходна “навяртанне позірку сэрца”, бо сёння часта не хапае спагады.

Такім чынам, перакананы Францішак, трэба стварыць “чалавечую платформу адносін”, каб медыцынскае лячэнне адкрывала надзею, асабліва ў крытычных сітуацыях. Ён заўважыў, што “рэляцыйны – а не проста клінічны – падыход да пацыента, які разглядаецца ў непаўторнасці і цэласнасці яго асобы, ускладае абавязак ніколі і нікога не пакідаць у абліччы невылечнай бяды”. І гэта таму, што “жыццё чалавека, дзякуючы вечнаму прызначэнню, захоўвае ўсю сваю каштоўнасць і годнасць пры любых умовах, уключаючы хісткасць і недаўгавечнасць, і, як такое, заўсёды вартае максімальнай увагі”.

Францішак высока ацаніў працу хоспісаў і выказаў спадзяванне, што месцы аказання паліятыўнай дапамогі будуць прасторай практыкавання “тэрапіі годнасці”, “любові і павагі да жыцця”.

Папа звярнуўся і да іншай тэмы, над якой працуе Кангрэгацыя Веравучэння: перагляду правіл, звязаных з так званымі delicta graviora, аб якіх гаворка ў motu proprio “Sacramentorum sanctitatis tutela” св. Яна Паўла II.

“Ваша прыхільнасць, - заўважыў Пантыфік, - мае правільны кірунак: абнавіць заканадаўства з мэтай павышэння эфектыўнасці працэдур, зрабіць яго больш упарадкаваным і арганічным у святле новых сітуацый і праблем сучаснага сацыяльна-культурнага кантэксту”.

Завяршаючы сустрэчу, Францішак павіншаваў з публікацыяй дакумента “Чым ёсць чалавек?” Папскай біблійнай камісіі, якая ўваходзіць у склад дыкастэрыі. Гэта вынік даследавання прыроды чалавека на аснове тэкстаў Бібліі.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 студзеня 2020, 13:37