Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік ухваліў дэкрэты па кананізацыях і беатыфікацыях

23 студзеня 2020 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі кардынала Анджэла Бэчу, прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі, і дазволіў абнародаваць дэкрэты па кананізацыйных і беатыфікацыйных справах.

Першыя два дакументы тычацца прызнання мучаніцтва іспанскіх капуцынаў, а. Бэнэдыкта з Санта-Калома-дэ-Граменэт і двух яго паплечнікаў, забітых з нянавісці да веры падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі паміж 24 ліпеня і 6 жніўня 1936 г.; а таксама а. Хасэ Марыі Гран Сырэры і яго паплечнікаў, двух святароў з кангрэгацыі Місіянераў Найсвяцейшага Сэрца Езуса і сямі свецкіх вернікаў, забітых з нянавісці да веры ў Гватэмале паміж 1980 і 1991 гадамі.

Папа ўхваліў таксама публікацыю дэкрэтаў аб прызнанні гераічнасці цнотаў: італьянскага біскупа Джавані Тавэлі з Тасіньяны з манаскай Кангрэгацыі Езуатаў бл. Гераніма, пастыра дыяцэзіі Ферара (1386-1446); іспанскага святара, кс. Хаакіна Масміта-і-Пуйга, катэдральнага каноніка ў Жыроне, заснавальніка кангрэгацыі Місіянерак Сэрца Марыі (1808-1886); мексіканскага святара, кс. Хасэ Антоніа Планкартэ-і-Лабастыда, заснавальніка манаскага інстытута Сясцёр Беззаганнай Марыі Гвадэлупскай (1840-1898); іспанскага святара, кс. Хасэ Піа Гуручага Кастуар’енсэ, заснавальніка кангрэгацыі Парафіяльных Дапаможніц Хрыста Святара (1881-1967); французскага капуцына, айца Антуана Мары з Лавора (1825-1907); бразільскай кармэліткі, сястры Марыі ад Гары Кармэль Найсвяцейшай Тройцы (1898-1966).

Даты кананізацый і беатыфікацый будуць абвешчаны пасля бліжэйшага кардынальскага кансісторыя.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 студзеня 2020, 12:40