Вокладка кнігі "Дзеці – гэта надзея" Вокладка кнігі "Дзеці – гэта надзея" 

“Дзеці – гэта надзея”. Францішак да самых маленькіх

31 студзеня 2020 г. на паліцах італьянскіх кнігарняў з’явілася кніга з кароткімі зваротамі Францішка да дзяцей. Выданне вучыць талерантнасці, велікадушнасці і міру.

Кніга “Дзеці – гэта надзея” (I bambini sono speranza) была падрыхтавана кс. Антоніа Спадара, галоўным рэдактарам італьянскага езуіцкага часопіса “La Civiltà Cattolica”. Ілюстрацыі рабіла амерыканскі графік Шыры Бойд, якая супрацоўнічае з “New York Times” і часопісам “American Baby”. Кніга выйшла ў міланскім выдавецтве “Salani”.

На першых старонках можна прачытаць шчырае прызнанне Святога Айца: “Калі бачу дзіця, такое як ты, заўсёды адчуваю ў сэрцы вялікую надзею”. На старонцы побач змяшчаецца люстэрка, каб маленькі чытач мог убачыць свой твар.

Францішак заклікае дзяцей быць шчаслівымі, калі знаходзяцца побач з іншымі, а таксама гуляць, гартуючы камандны дух і шукаючы дабра ўсіх. Гаворачы пра смутныя моманты, якія могуць напаткаць у жыцці, Папа падбадзёрвае: “Езус разумее твае праблемы. Памаліся ў цішыні і дазволь, каб словы нарадзіліся са слёзаў”.

Побач з шматлікімі простымі малюнкамі змяшчаюцца кароткія думкі Францішка пра важнасць цярпімасці, велікадушнасці, жыцця ў міры і радасці. Ён заклікае дзяцей не баяцца плакаць і рабіць дабро, запэўнівае ў любові Бога. “Ты і я можам зрабіць Зямлю самым цудоўным месцам”, - кажа Папа, а таксама нагадвае, што “найлепшы спосаб выйграць канфлікт – не распачынаць яго”.

“Дзеці – гэта надзея” – не першая кніга Святога Айца, адрасаваная самым маленькім чытачам. У 2016 г. выйшла кніга, у якой утрымліваюцца кароткія і глыбокія адказы Папы на некаторыя лісты, якія ён атрымаў ад дзяцей. Яна так і называецца: “Дзеці пішуць лісты, Францішак адказвае”.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 студзеня 2020, 09:10