Пошук

Vatican News

“Urbi et Orbi”: святло Хрыста большае за цемру, якая ёсць у свеце

У гэты святочны дзень няхай Езус падорыць усім сваю пяшчоту і прагоніць цемру гэтага свету, - пажадаў Папа 25 снежня 2019 г. у звароце перад благаслаўленнем “Urbi et Orbi”, які скіраваў з нагоды Божага Нараджэння.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст паслання Святога Айца:

“Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае” (Іс 9,1)

Дарагія браты і сёстры, шчаслівага Божага Нараджэння!

З улоння Маці-Касцёла ў гэтую ноч зноў нарадзіўся Божы Сын, які стаў чалавекам. Яго імя – Езус, што значыць: Бог збаўляе. Айцец, вечная і бясконцая Любоў, паслаў Яго ў свет не для таго, каб Ён асудзіў свет, але, каб збавіў яго (пар. Ян 3,17). Айцец даў Яго з бясконцай міласэрнасцю. Даў Яго для ўсіх. Даў Яго назаўсёды. І нарадзіўся Ён, як маленькі агеньчык, што запаліўся ў цемры і холадзе ночы.

Гэтае Дзіцятка, народжанае ад Панны Марыі, з’яўляецца ўцелаўлёным Божым словам. Словам, якое кіравала сэрцам і крокамі Абрама да абяцанай зямлі і надалей прыцягвае тых, хто давярае абяцанням Бога. Словам, якое вяло яўрэяў па шляху з рабства да свабоды і надалей кліча нявольнікаў усіх часоў, таксама і сучасных, каб выйшлі са сваёго зняволення. Словам, больш яскравым за сонца, уцелаўлёным у малым сыне чалавечым, Езусе, святле свету.

“Таму прарок усклікаў: “Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае” (Іс 9,1). Гэта праўда, што ў сэрцах людзей ёсць цемра, але большым ёсць Хрыстовае святло. Цемра ёсць у міжчалавечых, сямейных, грамадскіх адносінах, але большым ёсць Хрыстовае святло. Цемра ёсць у эканамічных, геапалітычных і экалагічных канфліктах, але большым ёсць святло Хрыста.”

Няхай Хрыстус будзе святлом для шматлікіх дзяцей, якія пакутуюць ад войнаў і канфліктаў на Блізкім Усходзе і ў розных краінах свету. Няхай будзе суцяшэннем для дарагога сірыйскага народу, які яшчэ не бачыць заканчэння варожасці, што разрывала краіну на працягу гэтага дзесяцігоддзя. Няхай ускалыхне сумленні людзей добрай волі. Няхай натхніць кіраўнікоў дзяржаў і міжнародную супольнасць на пошук рашэнняў, якія будуць гарантаваць бяспеку і мірнае суіснаванне народам рэгіёну і пакладуць канец іх невымоўным пакутам. Няхай будзе падтрымкай для ліванскага народу, каб мог выйсці з цяперашняга крызісу і нанова адкрыць сваё пакліканне да быцця пасланнем свабоды і гарманічнага суіснавання для ўсіх.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра ў Ватыкане

Няхай Пан Езус будзе святлом для Святой Зямлі, дзе нарадзіўся як Збаўца чалавека, і дзе працягвае чакаць многіх людзей, якія нягледзячы на цяжкасці, але не губляючы надзеі, чакаюць дзён міру, бяспекі і росквіту. Няхай будзе суцяшэннем для Іраку, прасякнутага грамадскай напружанасцю, і для Емену, што пакутуе ад цяжкога гуманітарнага крызісу. Я думаю пра еменскіх дзяцей...

Няхай Дзіця з Бэтлеему будзе надзеяй для ўсяго амерыканскага кантыненту, дзе розныя краіны перажываюць перыяд грамадскіх і палітычных хваляванняў. Няхай падбадзёрыць дарагі венесуэльскі народ, які на працягу доўгага часу пакутуе ад палітычнай і грамадскай напружанасці, і зробіць так, каб ён не меў нястачы ў патрэбнай дапамозе. Няхай благаславіць намаганні тых, хто робіць усё магчымае дзеля спрыяння справядлівасці, прымірэнню, а таксама працуе на карысць пераадолення розных крызісаў і шматлікіх форм беднасці, што абражаюць годнасць кожнага чалавека.

“Няхай Адкупіцель свету стане святлом для дарагой Украіны, якая прагне канкрэтных рашэнняў на карыць трывалага міру.”

Пан, які нарадзіўся, няхай будзе святлом для народаў Афрыкі, дзе застаюцца грамадскія і палітычныя сітуацыі, што часта прымушаюць людзей эміграваць, пазбаўляючы іх дому і сям’і. Няхай будзе мірам для народаў, якія жывуць ва ўсходніх рэгіёнах Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, спакутаванай ад працяглых канфліктаў. Няхай будзе суцяшэннем для тых, хто пакутуе ад насілля, прыродных катаклізмаў і надзвычайных санітарных сітуацый. Няхай будзе падтрымкай для тых, каго пераследуюць за іх веру, асабліва для місіянераў і вернікаў, што былі выкрадзены, а таксама для тых, хто становіцца ахвярай нападаў з боку экстрэмісцкіх груп, у першую чаргу ў Буркіна-Фасо, Малі, Нігеры і Нігерыі.

Няхай Божы Сын, што сышоў з Неба на зямлю, будзе абаронай і падтрымкай для тых, хто па прычыне гэтых і іншых форм несправядлівасці, павінен эміграваць у надзеі на бяспечнае жыццё. Менавіта несправядлівасць вымушае іх перасякаць моры, што ператварыліся ў могілкі. Менавіта несправядлівасць прымушае іх спазнаваць невымоўныя злоўжыванні, розныя формы няволі і катаванняў у нечалавечых лагерах часовага ўтрымання. Менавіта несправядлівасць выпіхвае іх з месцаў, дзе маглі б мець надзею на годнае жыццё і прымушае апынацца перад мурамі раўнадушнасці.

Няхай Эмануэль будзе святлом для ўсяго параненага чалавецтва. Няхай сагрэе нашы сэрцы, часта зацвярдзелыя і эгаістычныя, і зробіць нас прыладамі сваёй любові. Праз нашыя бедныя абліччы, няхай адорыць сваёй усмешкай дзяцей ва ўсім свеце: пакінутых і тых, якія спазналі насілле. Праз нашыя слабыя рукі, няхай апране бедных, якія не маюць у што апрануцца, дасць хлеб галодным, вылечыць хворых.

“Праз наша кволае таварыства, няхай стане блізкім да пажылых і самотных, да мігрантаў і маргіналізаваных. У гэты святочны дзень, няхай падорыць усім сваю пяшчоту і прагоніць цемру гэтага свету”

, - сказаў Пантыфік.

Пасля благаслаўлення Папа скіраваў свае віншаванні з Божым Нараджэннем сабраным на плошчы св. Пятра, а таксама ўсім, хто слухаў зварот з дапамогай сродкаў камунікацыі. “Мы ўсе пакліканы даць надзею свету, абвяшчаючы словамі і асабліва сведчаннем нашага жыцця, што Езус, наш супакой, нарадзіўся”, - падкрэсліў Святы Айцец і заклікаў не забываць маліцца за яго.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 снежня 2019, 12:19