Ратавальныя працы на месцы падзення самалёта ў Алматы Ратавальныя працы на месцы падзення самалёта ў Алматы 

Святы Айцец моліцца за ахвяр авіякатастрофы ў Казахстане

Папа запэўніў у сваёй малітве за ўсіх, хто пацярпеў падчас авіякатастрофы ў Казахстане. Спачувальную тэлеграму ён скіраваў 27 снежня 2019 г. за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.

“Са смуткам даведаўшыся пра авіякатастрофу ў Алматы, Яго Святасць Папа Францішак выказвае свае спачуванні ўсім, хто пацярпеў у гэтай трагедыі. Ён асаблівым чынам моліцца аб вечным супакоі для загінулых і аб аздараўленні параненых. Яго Святасць просіць Усемагутнага Бога аб сіле і супакоі для ўсіх, асабліва для тых, хто ўдзельнічае ў ратаванні людзей і аказанні дапамогі”, - гаворыцца ў пасланні.

Катастрофа адбылася раніцай 27 снежня. Самалёт авіякампаніі “Бэк Эйр”, які выконваў рэйс з Алматы ў Нур-Султан, пры ўзлёце страціў вышыню і ўпаў за межамі аэрадрома, сутыкнуўшыся з двухпавярховым будынкам. На борце знаходзіліся 93 пасажыры і 5 членаў экіпажа. Паведамляецца пра 12 загінулых і 66 шпіталізаваных з раненнямі. 18 чалавек знаходзяцца ў цяжкім стане.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 снежня 2019, 12:48