Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Святы Айцец заклікаў аднавіць камунікацыю ў сям’і

Святая Сям’я – прыклад паслухмянасці Божай волі, - падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Яна прайшла 29 снежня 2019 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“Сёння мы адзначаем свята Святой Сям’і з Назарэта. Тэрмін “святая” ўключае гэту сям’ю ў сферу святасці, якая ёсць дарам Бога, але адначасова свабодным і адказным прыняццем Божай задумы. Так стала і для сям’і з Назарэту: яна была цалкам адкрытай на Божую волю.

Як не захапляцца, напрыклад, паслухмянасцю Марыі перад дзейнасцю Святога Духа, які прасіў Яе стаць маці Месіі? Бо Марыя, як кожная маладая жанчына свайго часу, рэалізоўвала ўласную жыццёвую задуму – рыхтавалася пабрацца шлюбам са сваім жаніхом Юзафам. Але, калі зразумела, што Бог яе кліча да асаблівай місіі, без ваганняў абвясціла сябе “слугой” (пар. 1,38). Езус падкрэсліваў Яе веліч не столькі за Яе ролю маці, колькі за Яе паслухмянасць Богу. Езус кажа: “Шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго!” (Лк 11,28), як Марыя.

“Нават не разумеючы цалкам падзей, якія Яе залучалі, Марыя ў цішыні абдумвала, разважала і абагаўляла боскую ініцыятыву. Яе прысутнасць ля падножжа крыжа асвяціла гэтую Яе поўную адкрытасць.”

Што тычыцца Юзафа, Евангелле не перадае нам ніводнага яго слова: ён не кажа, але дзейнічае, будучы паслухмяным. Ён – чалавек маўчання, чалавек паслухмянасці. Сённяшні евангельскі ўрывак (пар. Мц 2,13-15.19-23) тройчы падкрэслівае гэту паслухмянасць справядлівага Юзафа, якая адносіцца да ўцёкаў у Егіпет і вяртання на зямлю Ізраэля. Пад кіраўніцтвам Бога, прадстаўленага анёлам, Юзаф уводзіць сваю сям’ю ад пагрозаў Ірада, выратоўвае яе!

“Святая Сям’я салідарызуецца такім чынам з усімі сем’ямі свету, прымушанымі да выгнання, салідарызуецца з усімі, хто вымушаны пакідаць сваю зямлю па прычыне рэпрэсій, насілля, вайны.”

Нарэшце, трэцяя асоба Святой Сям’і – Езус. Ён – воля Айца: у Ім, як кажа св. Павел, не было “так” і “не”, але толькі “так” (пар. 2 Кар 1,19). Гэта тое, што праявілася ў многіх момантах Яго зямнога жыцця. Напрыклад, падчас здарэння ў святыні, Ён адказаў усхваляваным бацькам, якія Яго шукалі: “Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму” (Лк 2,49); Ён пастаянна паўтараў: “Ежа Мая ў тым, каб выконваць волю таго, хто паслаў Мяне” (Ян 4,34); Ён маліўся ў Аліўным садзе: “Ойча Мой, калі не можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне не піць яго, няхай станецца воля Твая” (Мц 26,42).

“Усе гэтыя падзеі – дасканалая рэалізацыі слоў самога Хрыста, які кажа: “Ахвяры і прынашэння Ты не захацеў... Тады Я сказаў: “Вось іду... каб выканаць волю Тваю, Божа” (Габ 10,5-7; Пс 40,7-9).”

Марыя, Юзаф, Езус – Сям’я з Назарэту, якая з’яўляецца адзінагалосным адказам на волю Айца: тры члены гэтай сям’і дапамагаюць адно аднаму адкрыць Божую задуму. Яны маліліся, працавалі, камунікавалі. Я пытаюся: ці ты ўмееш камунікаваць у тваёй сям’і або як тыя падлеткі, што сядзяць за сталом, кожны са сваім смартфонам, і перапісваюцца ў чаце? За такім сталом пануе цішыня, падобная да імшальнай... Мы павінны аднавіць камунікацыю ў сям’і: бацькоў з дзецьмі, з дзядулямі і бабулямі, з братамі... Вось заданне, якое трэба выканаць сёння, менавіта ў дзень Святой Сям’і.

“Няхай Святая Сям’я стане прыкладам для нашых сем’яў, каб бацькі і дзеці падтрымлівалі адно аднаго ў вернасці Евангеллю, фундаменту святасці сям’і.”

Даверым Марыі, “Каралеве сем’яў”, усе сем’і свету, асабліва, якія перажываюць пакуты і нястачу, і папросім аб Яе матчыным заступніцтве для іх”, - заклікаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў вернікаў і ўдзяліў сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 снежня 2019, 13:32