Падчас аўдыенцыі для душпастырскія супрацоўніц з Мілана, Падуі і Трэвіза Падчас аўдыенцыі для душпастырскія супрацоўніц з Мілана, Падуі і Трэвіза 

Святы Айцец пра асаблівае месца свецкіх верніц у Касцёле

Францішак сустрэўся 14 снежня 2019 г. з вялікай жаночай дэлегацыяй. У Ватыкан завіталі свецкія душпастырскія супрацоўніцы з Мілана, Падуі і Трэвіза.

Папа падкрэсліў асаблівае месца, якое займаюць жанчыны ў Касцёле з самага пачатку яго існавання. Ён нагадаў пра “асаблівую харызму веры і любові да Бога”, якую мела Марыя Магдалена. Менавіта яе абраў Езус у велікодную раніцу для абвяшчэння апосталам аб сваім уваскрасенні. У сувязі з гэтым Францішак назваў душпастырскіх супрацоўніц “жанчынамі ўваскрасення”, спасылаючыся на свайго папярэдніка, папу Паўла VI.

“Свецкія вернікі, калі самі прапануюць свае паслугі ці калі іх запрашаюць да дзейнасці i непасрэднага супрацоўніцтва ў іерархічным апостальстве, дзейнічаюць пад вышэйшым кіраўніцтвам самой іерархіі, якая можа нават зацвердзіць гэтае супрацоўніцтва праз выразнае ўдзяленне ім мандату”, - працытаваў Пантыфік Дэкрэт пра апостальства свецкіх Apostolicam actuositatem Другога Ватыканскага Сабора.

Паколькі харызмат свецкіх вернікаў “заўважаецца, прымаецца, прызнаецца і набывае форму ў дыяцэзіяльнай супольнасці”, элемент цеснага супрацоўніцтва з біскупам выступае тут як кваліфікацыйны, - падкрэсліў Папа.

“Місія лучыцца з любоўю да Езуса і адначасова з любоўю да Яго народу. (...) Так мы адкрываем, што Ён хоча карыстацца намі як прыладай, каб кожны раз яшчэ больш наблізіцца да свайго ўмілаванага народу. Забірае нас з народу i пасылае нас да народу, таму нельга зразумець нашай сутнасці без той прыналежнасці да Яго”, - нагадаў Францішак адну з думак сваёй энцыклікі Evangelii gaudium.

Святы Айцец заклікаў душпастырскіх супрацоўніц да вернасці Божаму народу і самаадданасці ў служэнні яму. “Гэтая вернасць каштуе, носіць прыкметы цвёрдасці крыжа, але з’яўляецца пладавітай і нараджальнай паводле Божых задум”, - заўважыў ён, і дадаў: “Ідзіце наперад з радасцю ўваскрасення, захапляючыся сваім народам”.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 снежня 2019, 13:50