Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа запрасіў у Ватыкан Патрыярха Грузінскай Праваслаўнай Царквы

Папа запрасіў Патрыярха Грузінскай Праваслаўнай Царквы Іллю ІІ адведаць Ватыкан з нагоды 40-годдзя яго першага візіту сюды, які адбыўся 6 чэрвеня 1980 г.

Францішак звярнуўся да Іллі ІІ з лістом, прыгадваючы пра гістарачную сустрэчу паміж прадстаяцелем грузінскага праваслаўя і Янам Паўлам ІІ, які называў гэту падзею “радасным днём у гісторыі нашых Цэркваў”, і падкрэсліваў, што “спадкаемцы Пятра і Андрэя” сустракаюцца “як браты ў Хрысце”.

Папа заўважыў, што з нагоды юбілейнай даты ў Ватыкане запланаваны ўрачыстасці, часткай якіх стануць супольныя музычныя праекты высокага ўзроўню з удзелам Патрыяршага хора Грузіі і Папскай музычнай Сікстынскай капэлы. Францішак запрасіў Патрыярха Іллю ІІ прыняць удзел у гэтых святочных падзеях.

Пантыфік выказаў перакананасць, што цёплая сустрэча была б карыснай для ўмацавання цікавасці многіх людзей “да таго выключнага скарбу духоўнасці, мастацтва, культуры і цывілізацыі, якім з’яўляецца Грузія з яе шматвекавой гісторыяй, прасякнутай верай”. Верай, “укаранёнай у народзе і засведчанай, у чым я сам мог упэўніцца, з хрысціянскім гераізмам у перыяды выпрабаванняў, якія, на жаль, былі нярэдкімі”, - дадаў ён.

Папа падкрэсліў, што сустрэча магла б стаць сапраўдным благаслаўленнем для таго, каб з дапамогай простых жэстаў любові даць сведчанне аб пачуцці, якое лучыць іх у Пану, а таксама аб прыгажосці вельмі каштоўнай хрысціянскай спадчыны краіны.

Францішак здзейсніў Апостальскае падарожжа ў Грузію з 30 верасня па 1 кастрычніка 2016 г. У мінулым годзе гэту краіну наведваў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. У бліжэйшыя дні, з 27 па 30 снежня, пройдзе візіт у Грузію бліжэйшага супрацоўніка Папы, кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 снежня 2019, 10:23