Пошук

Папа падчас сустрэчы з дэлегацыямі правінцый Трэнта і Вічэнца Папа падчас сустрэчы з дэлегацыямі правінцый Трэнта і Вічэнца 

Папа: яслі дапамагаюць не страціць сэнс Божага Нараджэння

Свет баіцца ўзгадаць, чым насамрэч з’яўляецца Божае Нараджэнне, хоча выкрасліць усе яго хрысціянскія знакі і надаць яму банальны і камерцыйны характар, - заўважыў Францішак.

5 снежня 2019 г. Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыі паўночнаітальянскіх правінцый Трэнта і Вічэнца, якія ахвяравалі сёлета для Ватыкана яслі Божага Нараджэння і святочныя ялінкі. Гэтыя рэгіёны пацярпелі ў кастрычніку-лістападзе 2018 г. ад моцных паводак і ўраганаў.

Пантыфік падкрэсліў, што сімвалы Божага Нараджэння на плошчы св. Пятра будуць выклікаць захапленне ў шматлікіх пілігрымаў з розных частак свету. Ён падзякаваў дэлегацыі правінцыі Вічэнца, што, замест высечаных, будуць пасаджаны 40 новых ялінак. Гэта таксама нейкім чынам кампенсуе страты, нанесеныя мясцовым лясам мінулагоднім ураганам.

Францішак заўважыў, што драўляныя яслі Божага Нараджэння, зробленыя з выкарыстаннем архітэктурных элементаў, уласцівых для правінцыі Трэнта, дапамогуць людзям адчуць духоўнае багацце Нараджэння Пана. “Ствалы дрэваў з раёнаў, пацярпелых ад паводак, выкарыстаныя як фон для краявіду, падкрэсліваюць нястачу, у якой знаходзілася Святая Сям’я ў бэтлеемскую ноч”, - дадаў ён.

“Як ведаеце, некалькі дзён таму я здзейсніў візіт у Грэча, каб наведаць месца, дзе св. Францішак зрабіў першыя яслі. Там я абнародаваў пасланне, прысвечанае яслям – простаму і цудоўнаму знаку нашай веры, які не можа згубіцца, а наадварот, павінен перадавацца бацькамі дзецям, бабулямі і дзядулямі ўнукам. Гэта натуральны спосаб перадачы Евангелля ў свеце, які, здаецца, часам баіцца ўзгадаць, чым на самой справе ёсць Божае Нараджэнне, выкрэсліваючы хрысціянскія знакі, каб захаваць толькі тыя, якія тычацца банальнага, камерцыйнага ўяўлення”, - падкрэсліў Папа.

Традыцыя ставіць ялінку на галоўнай ватыканскай плошчы быў уведзены ў 1982 г. св. Янам Паўлам II. Ідэя вельмі хутка атрымала шырокае прызнанне як у рымлян, так і ў замежных пілігрымаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 снежня 2019, 13:54