Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Пантыфік: св. Стэфан – прыклад для місійнага Касцёла

Мучаніцтва св. Стэфана нагадвае Касцёлу пра пакліканне станавіцца ўсё больш місійным, цалкам скіраваным на евангелізацыю, - сказаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла 26 снежня 2019 г.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“Сёння адзначаецца свята св. Стэфана, першамучаніка. Пра яго нам кажа кніга Дзеяў Апосталаў, а ў сённяшнім літургічным урыўку прадстаўляе яго ў апошнія хвіліны ягонага жыцця, калі яго схапілі і каменавалі (пар. 6,12; 7,54-60). У радаснай атмасферы Божага Нараджэння, гэты ўспамін першага хрысціянскага мучаніка, забітага за веру, можа здавацца недарэчным. Аднак, менавіта ў перспектыве веры, сённяшняя цэлебрацыя ўваходзіць у сугучча з сапраўдным значэннем Божага Нараджэння.

“У мучаніцтве Стэфана, насамрэч, насілле перамагаецца любоўю, смерць – жыццём: ён, у хвіліну найвышэйшага сведчання, сузірае адкрытае неба і дорыць ганіцелям сваё прабачэнне (пар. 60).”

Гэты малады слуга Евангелля, поўны Святога Духа, здолеў распавесці пра Езуса не толькі словамі, а ў першую чаргу сваім жыццём. Гледзячы на яго, мы бачым як спаўняецца абяцанне, якое Езус даў вучням: “Калі ж вас будуць зневажаць за імя маё, Дух Айца дасць вам сілу і словы, каб сведчыць” (пар. Мц 10,19-20). Па прыкладзе св. Стэфана, які стаў падобным да свайго Настаўніка, як у жыцці, так і смерці, будзем таксама і мы ўглядацца ў Езуса, вернага сведку Айца.

“Будзем памятаць, што нябесная хвала, тая хвала, якая трывае на працягу ўсяго жыцця, таксама і вечнага жыцця, складаецца не з багаццяў і ўлады, а любові і самаахвярнасці.”

Мы маем патрэбу ў тым, каб трымаць позірк на Езусе, “пачынальніку і завяршальніку веры” (Габ 12,2), каб праз выклікі і выпрабаванні, якія павінны штодзённа пераадольваць, даць адказ пра надзею, якая нам была дадзена (1 П 3,15). Для нас, хрысціян, неба больш не з’яўляецца далёкім, адлучаным ад зямлі: у Езусе неба сышло на зямлю. І дзякуючы Яму, сілай Святога Духа, мы можам прыняць усё, што чалавечае, і скіраваць гэта да неба.

“Такім чынам, першым сведчаннем павінен быць менавіта наш спосаб быцця людзьмі, лад жыцця, сфармаваны згодна з Езусам: лагодны і мужны, пакорны і шляхетны, негвалтоўны і моцны.”

Стэфан быў дыяканам, адным з першых сямі дыяканаў Касцёла (пар. Дз 6,1-6). Ён вучыць нас абвяшчаць Хрыста жэстамі братэрства і евангельскай любові. Яго сведчанне, кульмінацыяй якога стала мучаніцтва, з’яўляецца крыніцай натхнення для абнаўлення нашых хрысціянскіх супольнасцей. Яны пакліканы станавіцца ўсё больш і больш місіянерскімі, цалкам скіраванымі на евангелізацыю, гатовымі дасягнуць людзей на экзістэнцыяльных і геаграфічных перыферыях, дзе ёсць больш прагі надзеі і збаўлення; супольнасцямі, якія не наследуюць логіку свету, якія не ставяць у цэнтр сябе, уласны вобраз, а толькі хвалу Бога і дабро людзей, асабліва малых і бедных.

Свята протамучаніка Стэфана заклікае нас узгадаць пра ўсіх мучанікаў сучаснасці і мінулага, адчуваць сябе ў еднасці з імі, прасіць іх аб ласцы жыць і памерці з імем Езуса ў сэрцы і на вуснах. Няхай Марыя, Маці Адкупіцеля, дапаможа нам перажыць гэты перыяд Божага Нараджэння з позіркам, скіраваным на Езуса, каб кожны дзень станавіцца больш падобнымі да Яго”.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра
Навіна ў фармаце аўдыё
26 снежня 2019, 12:35