Пошук

Vatican News
Кардынал Луіс Антоніа Тагле. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Луіс Антоніа Тагле. Ілюстрацыйнае фота 

Папа прызначыў новага прэфекта Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў

8 снежня 2019 г. Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала, што Папа прызначыў кардынала Луіса Антоніа Тагле, арцыбіскупа Манілы, прэфектам Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.

Філіпінскі іерарх змяніў на пасадзе прэфекта кардынала Фэрнанда Філоні, які быў прызначаны Вялікім магістрам Рыцарскага Ордэна Святога Гроба Пана ў Іерусаліме. Ён змяніў на гэтай пасадзе амерыканскага кардынала Фрэдэрыка Эдвіна О’Браена, якому 8 красавіка 2019 г. споўнілася 80 гадоў.

Кардынал Тагле стаў другім у гісторыі прадстаўніком азіяцкага кантынента на чале Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. З 2006 па 2011 г. яе ўзначальваў кардынал Іван Дыяс з Індыі.

Луіс Антоніа Тагле нарадзіўся 21 чэрвеня 1957 г. у Маніле. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1982 г. З 1985 па 1991 г. вывучаў тэалогію ў Амерыканскім каталіцкім універсітэце ў Вашынгтоне. Абараніў доктарскую дысертацыю. Займаўся душпастырскай і выкладчыцкай дзейнасцю. З 1997 па 2003 г. быў членам Міжнароднай тэалагічнай камісіі, у якасці эксперта прымаў удзел у Сінодзе Біскупаў, прысвечаным Азіі. У 2001 г. Ян Павел ІІ прызначыў яго біскупам дыяцэзіі Імус на Філіпінах. У 2009 г. па ініцыятыве маладога іерарха адбыліся першыя Азіяцкія дні моладзі. З 2011 г. – арцыбіскуп Манілы. У 2012 г. атрымаў кардынальскую годнасцю. У 2015 г. быў абраны кіраўніком “Caritas Internationalis”.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 снежня 2019, 10:27