Vatican News
Папа падчас візіту ў Дзяржаўны музей "Аўшвіц-Біркенаў" Папа падчас візіту ў Дзяржаўны музей "Аўшвіц-Біркенаў" 

Папа прызначыў легата на 75-годдзе вызвалення Аўшвіц-Біркенаў

Польскі кардынал Зянон Грахалеўскі будзе прадстаўляць Пантыфіка і Апостальскую Сталіцу на цырымоніі з нагоды 75-годдзя вызвалення канцэнтрацыйнага лагера “Аўшвіц-Біркенаў”.

Памятныя ўрачыстасці пройдуць 27 студзеня 2020 г. на тэрыторыі Дзяржаўнага музея “Аўшвіц-Біркенаў” у Асвенцыме. Былы прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі зачытае спецыяльнае пасланне Францішка.

Сярод кіраўнікоў дэлегацый, якія пацвердзілі свой удзел у цырымоніі ў былым лагеры смерці, між іншых, кароль Іспаніі Філіп VI, вялікі князь Люксембурга Анры, кароль Нідэрландаў Вілем-Аляксандр , кронпрынц Нарвегіі Хакон, кронпрынцэса Швецыі Вікторыя, герцагіня Корнульская Каміла з Вялікабрытаніі, а таксама прэзідэнты Аўстрыі, Ізраіля, Латвіі, Польшчы, Славеніі, Фінляндыі і Швейцарыі.

Будуць прысутнічаць каля 200 былых вязняў лагера і людзей з розных частак свету, якія перажылі Халакост.

Святы Айцец наведваў “Аўшвіц-Біркенаў” у 29 ліпеня 2016 г. Ён пешшу прайшоў пад яго сумна вядомай ва ўсім свеце ўваходнай брамай з надпісам “Arbeit macht frei” (Праца робіць свабодным), памаліўся на месцах, дзе нацысты здзяйснялі публічныя экзэкуцыі; сустрэўся з выжыўшымі вязнямі і коратка паразмаўляў з кожным з іх. Папа маліўся на месцы мучаніцкай смерці св. Максімільяна Кольбэ, прайшоў побач з крэматорыямі і газавымі камерамі, праехаў уздоўж чыгункі, па якой у лагер прывозілі вязняў, і сустрэўся з некаторымі “Праведнікамі народаў свету”. “Пане, змілуйся над тваім народам. Пане, прабач гэтую вялікую лютасць”, - напісаў ён у кнізе ганаровых гасцей.

Францішак стаў трэцім Пантыфікам, які здзейсніў візіт у “Аўшвіц-Біркенаў”. У 1979 г. тут быў св. Ян Павел ІІ, а ў 2006 г. – Бэнэдыкт XVI.

Канцэнтрацыйны лагер смерці “Аўшвіц-Біркенаў” быў вызвалены войскамі Чырвона арміі 27 студзеня 1945 г. У гэты дзень па ініцыятыве Генеральнай Асамблеі ААН адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 снежня 2019, 12:11