Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа падзякаваў католікам Польшчы за дапамогу Касцёлам-суседзям

Святы Айцец выказаў падтрымку ініцыятыве Канферэнцыі Біскупаў Польшчы, накіраванай на малітоўную і матэрыяльную дапамогу каталіцкім супольнасцям у краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

“У нядзелю ў Польшчы будзе праходзіць ХХ Дзень малітвы і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе. Заахвочваю вас да гэтай важнай справы і дзякую ўсім палякам, якія дзейнічаюць на карысць суседніх Касцёлаў у духу братэрскай любові. Няхай Бог вас благаславіць!”, - пажадаў Папа 4 снежня 2019 г., падчас агульнай аўдыенцыі.

Ініцыятыва рэалізуецца ў Касцёле ў Польшчы кожную ІІ Нядзелю Адвэнту. У яе рамках адбываецца збор ахвяраванняў на будаўніцтва і аднаўленне храмаў, катэхетычных памяшканняў, падтрымку евангелізацыйных, душпастырскіх, фармацыйных і дабрачынных ініцыятыў у Беларусі, Украіне, Малдавіі, Расіі, Казахстане, краінах Балтыі і Цэнтральнай Азіі.

Як паведаміў кс. Лешэк Крыжа, дырэктар Аддзела групы дапамогі Касцёлу на Усходзе Канферэнцыі Біскупаў Польшчы, у 2019 г. у рамках ініцыятывы было сабрана каля 2,5 млн. злотых, дзякуючы чаму было задаволена каля 360 просьбаў аб фінансавай дапамозе. Большасць сродкаў была накіравана на будаўнічыя і рэстаўрацыйныя працы – каля 460 тыс. злотых, хоць з кожным годам выдаткі на гэтыя мэты змяншаюцца. Затое расце фінансаванне душпастырскіх і фармацыйных ініцыятыў. У 2019 г. на гэтыя мэты было выдаткавана каля 440 тыс. злотых. Каля 400 тыс. злотых было накіравана на дабрачынныя праекты. Дзякуючы ахвяраванням польскіх католікаў развіваецца выдавецкая дзейнасць, выдзяляюцца ўніверсітэцкія стыпендыі, праводзяцца кангрэсы, семінары, канферэнцыі.

У якасці ўдзячнасці ахвярадаўцам, епіскапаты краін рэгіёну абвясцілі ІІ Нядзелю Адвэнту Днём малітвы за тых, хто дапамагае Касцёлу ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 снежня 2019, 12:36