Пошук

1575198253712.JPG

Папа падчас “Анёл Панскі”: Дзіця ў яслях мае твар самых бедных

Падчас Адвэнту рыхтуемся прыняць не казачнага персанажа, а Бога, перад Якім мы павінны зрабіць выбар, - Францішак звярнуў на гэта ўвагу 15 снежня 2019 г. у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі”.

Прапануем поўны тэкст рэфлексіі Пантыфіка:

“У гэту трэцюю нядзелю Адвэнту, якую называюць Нядзеляй радасці, Божае слова заклікае нас, з аднаго боку, да радасці, а з другога – да ўсведамлення, што жыццё ўключае ў сябе і моманты сумневаў, калі цяжка верыць. І радасць, і сумневы – гэта перажыванні, якія з’яўляюцца часткай нашага жыцця.

На яснае заахвочванне да радасці прарока Ісаі: “Узрадуецца пустыня і сухая зямля, і стэп узвесяліцца і зацвіце!” (35, 1), Евангелле адказвае сумневам Яна Хрысціцеля: “Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?” (Мц 11, 3). На самой справе прарок глядзіць па-за межы цяперашняй сітуацыі: перад ім знеахвочаныя людзі з слабымі рукамі, дрыжачымі каленямі і маладушным сэрцам (35, 3-4). Гэта тая ж рэальнасць, у якой вера падвяргаецца выпрабаванням ва ўсе часы. Але Божы чалавек глядзіць па-за яе межы, таму што Святы Дух прымушае яго сэрца адчуць сілу Божага абяцання і абвяшчае збаўленне: “Будзьце адважнымі! Не бойцеся! Вось Бог ваш, Ён сам прыходзіць і збавіць вас”( 35, 4). І тут усё трансфармуецца: пустыня квітнее, суцяшэнне і радасць перапаўняюць людзей з страчаным сэрцам, кульгавы, сляпы, нямы вылечваюцца (35, 5-6). Так адбываецца дзякуючы Езусу: “Сляпыя зноў бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна” (Мц 11,5).

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

Гэта апісанне дэманструе нам, што збаўленне ахоплівае ўсяго чалавека і адраджае яго. Але гэта новае нараджэнне, разам з радасцю, што прыходзіць з ім, заўсёды прадугледжвае паміранне для сябе і для граху, які ёсць у нас. Адсюль заклік да навяртання, што з’яўляецца асновай прапаведавання як Яна Хрысціцеля, так і Езуса. Гаворка ідзе асаблівым чынам пра змену нашага вобраза Бога. І гэта тое, да чаго заахвочвае перыяд Адвэнту праз пытанне, якое Ян Хрысціцель задае Езусу: “Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?” (Мц 11, 3). Давайце падумаем: Ян усё жыццё чакаў Месію. Яго жыццёвы лад, яго цела былі сфарміраваны гэтым чаканнем. Менавіта таму Езус хваліць яго наступнымі словамі: “Сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля” (Мц 11, 11). І ўсё ж ён таксама мусіў навярнуцца да Езуса. Як і Ян, мы таксама пакліканы распазнаць сціплы і міласэрны твар, які Бог вырашыў прыняць у Езусе Хрысце.

Адвэнт, перыяд ласкі, кажа нам, што верыць у Бога недастаткова: мы павінны штодзённа ачышчаць сваю веру. Гаворка ідзе пра тое, каб рыхтавацца да прыняцця не персанажа казкі, а Бога, Які кліча і залучае нас, і перад Якім трэба рабіць выбар. Дзіця ў яслях мае твар самых бедных нашых братоў і сясцёр, бедных, якія “маюць прывілеі ў гэтай таямніцы, і найчасцей яны больш здольныя распазнаць прысутнасць Бога сярод нас”. (Admirabile signum, 6).

Няхай Панна Марыя дапаможа нам, набліжаючыся да Божага Нараджэння, не звяртаць увагі на знешняе, але вызваліць у сэрцы месца для Таго, хто ўжо прыйшоў і хоча прыйсці зноў, каб вылечыць нашы хваробы і падарыць нам сваю радасць”, - сказаў Папа.

Завяршаючы нядзельную сустрэчу з вернікамі, Францішак яшчэ раз пажадаў ім добра падрыхтавацца да Божага Нараджэння і, як звычайна, папрасіў аб малітве.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 снежня 2019, 14:21