Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Папа ўвёў пяцігадовы тэрмін для пасады Дэкана Калегіі кардыналаў

21 снежня 2019 г. Папа прыняў адстаўку кардынала Анджэла Садана з пасады Дэкана Калегіі кардыналаў і ўстанавіў, што цяпер гэту функцыю можна будзе выконваць максімальна два пяцігадовых тэрміны.

92-гадовы кардынал Садана, арцыбіскуп і Апостальскі нунцый з 1978 г., Дзяржсакратар з 1990 па 2005 г., на пасадзе Дэкана стаў пераемнікам кардынала Ёзэфа Ратцынгера. У сваім motu proprio Пантыфік падзякаваў італьянскаму іерарху за амаль пятнаццацігадовае служэнне.

Увядзенне пяцігадовага тэрміну Францішак патлумачыў фактам павелічэння колькасці кардыналаў і ўзрослым у сувязі з гэтым аб’ёмам абавязкаў Дэкана.

Дэкан, згодна з Кананічным правам, узначальвае Калегію кардыналаў, але не мае ўлады кіравання іншымі кардыналамі і лічыцца “першым сярод роўных”. Для гэтай пасады не ўстаноўлена абмежаванняў па ўзросце.

У выпадку, калі Дэкану на момант канклава больш за восемдзесят гадоў, ён не мае права ў ім удзельнічаць. Падчас апошняга канклава ў сакавіку 2013 г. кардынал Садана, якому ўжо было больш за восемдзесят, старшынстваваў у агульных кангрэгацыях, але не мог увайсці ў Сікстынскую капэлу, таму вёў галасаванне Віцэ-дэкан, кардынал Джавані Батыста Рэ.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 снежня 2019, 13:11